Мінск 16:39

У Гомельскай вобласці не адноўлена больш за 1,5 тыс. будынкаў АПК, пацярпелых ад урагану

Крыніца: Мінэнерга

28 ліпеня, Позірк. Каля 500 аб’ектаў або 1.533 будынкі аграпрамысловага комплексу не адноўленыя ў Гомельскай вобласці пасля ўрагану, паведамляе тэлеграм-канал аблвыканкама.

Адзначаецца, што над аднаўленнем будынкаў працуе 238 брыгад (каля 1.300 чалавек).

“Пастаўленая задача завяршыць рамонты да сярэдзіны верасня. Дахавых і піламатэрыялаў хапае, арганізаваная аператыўная адрасная адгрузка”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што “ўсе спажыўцы” рэгіёну “засілкаваныя ад пастаяннай схемы электразабеспячэння”. Пры гэтым маюць месца “кропкавыя адключэнні” электрычнасці, названыя “часовай мерай”.

“Учора праз навальніцу кароткачасовыя адключэнні рабіліся прыкладна ў 100 населеных пунктах, сярэдні час без святла — 48 хвілін. Усё падключана і працуе ў штатным рэжыме”, — падкрэслівае прэс-служба аблвыканкама.

Супрацоўнікі Міністэрства энергетыкі “працягваюць аднаўленчыя работы на цяжкадаступных участках, у асноўным гэта замена апор”, удакладняе тэлеграм-канал.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Больш за ўсё ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

У тыя дні праз непагадзь загінула сем чалавек.

Пасля стыхіі, якая бушавала на поўдні Беларусі, Міністэрства энергетыкі падрыхтавала галіновы план мерапрыемстваў па павышэнні надзейнасці працы электрасеткавага комплексу, паведаміў 24 ліпеня кіраўнік ведамства Віктар Каранкевіч.

Аляксандр Лукашэнка тройчы ўстанаўліваў чыноўнікам тэрміны ліквідацыі наступстваў урагану. Віцэ-прэм’еру Анатолю Сіваку варта было да раніцы 16 ліпеня аднавіць працу ўсёй інфраструктуры. Кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу 16 ліпеня быў дадзены “адзін дзень” на нармалізацыю сітуацыі пасля непагадзі. Кіраўніку Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко ён даручыў да раніцы 19 ліпеня завяршыць “усе работы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах”.

На нарадзе 23 ліпеня Лукашэнка даручыў прыцягнуць да ліквідацыі наступстваў непагадзі грамадзян, у тым ліку палітвязняў.

“Я ўжо казаў міністру ўнутраных спраў (ён падключыцца, ён ведае), у нас больш за 20 тысяч сядзельцаў і так званыя палітвязні. Туды — на прасеку. Дапамажыце краіне. <…> І гараджан, і асабліва гэтых дармаедаў”, — сказаў ён.

Лукашэнка загадаў адправіць на адпаведныя працы жыхароў Беларусі агулам, адзначыўшы, што “адгаворкі тыпу таго, што я не пайду, не хачу, не буду, не прымаюцца”.

Ён абвінаваціў пацярпелых ад непагадзі грамадзян у “няправільным разуменні” НС.

23 ліпеня Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якое дазваляе прыцягваць грамадзян да ліквідацыі наступстваў урагану. Тэрміны ліквідацыі наступстваў непагадзі ў дакуменце зноў перанесеныя.

25 ліпеня на намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Іван Мысліцкі паведаміў, што ўдзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Гомельскай вобласці прыняло “272 асобы з ліку спецкантынгенту”.

Паводле яго слоў, у разборах завалаў, рамонтных і падсобных работах удзельнічалі “адбываючыя пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу”, а таксама асобы, якія “знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі”.

Для дапамогі камунальным службам у добраўпарадкаванні вуліц (уборцы галінак, лістоты, іншага смецця, прывядзенню дарожнай сеткі ў бяспечны для руху стан), “актыўна прыцягваюцца непрацуючыя грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях”, сказаў начальнік абласнога УУС Аляксандр Шастайла.

У той жа дзень МУС таксама паведаміла, што кіраўнік рэгіёну Крупко звярнуўся да міністра Івана Кубракова з просьбай “аказаць садзейнічанне шэрагу сельгаспрадпрыемстваў вобласці, у тым ліку жывёлагадоўчым комплексам”.

Той “даў даручэнне ў Лельчыцкім, Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах прыцягнуць да працы асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу і знаходзяцца ў ЛПП”.

Сцвярджалася, што яны “будуць працаваць па васьмігадзінным графіку, забяспечвацца жыллём, харчаваннем і атрымліваць годны заробак”.

Падзяліцца: