Мінск 00:06

Зяленскі правёў на мяжы з Беларуссю нараду па абароне рубяжоў

Скрыншот: відэазапіс у тэлеграм-канале Зяленскага

30 ліпеня, Позірк. Агляд будаўніцтва фартыфікацый і нараду па абароне мяжы ў рэгіёнах, суседніх з Беларуссю і РФ, правёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 30 ліпеня ў Валынскай вобласцю (мяжуе з Брэсцкай вобласцю).

“Асноўная ўвага — абароне нашай дзяржаўнай мяжы ў абласцях, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю. Працягваем узмацняць украінскую мяжу”, — напісаў палітык у сацсетках.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з’яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Напрыканцы чэрвеня 2024 года беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведніцкай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

13 ліпеня Лукашэнка даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі. “Пасля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае Узброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і ўвогуле вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы”, — заявіў ён.

На цырымоніі ўганаравання выпускнікоў вайсковых ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу 16 ліпеня ў Мінску Лукашэнка заявіў, што сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы не абвастрылася, а проста “выйшла за рамкі той, якая была”. З ёй, паводле слоў спікера, справіліся ваенныя — “дыпламатычнай мовай”.

Падзяліцца: