Мінск 06:57

Ціханоўская падтрымала пратэстоўцаў у Венесуэле

Поствыбарныя пратэсты ў Венесуэле
Скрыншот: сюжэт тэлеканала WION

30 ліпеня, Позірк. Словы падтрымкі “адважнаму народу Венесуэлы”, які патрабуе сумленнага падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах, выказала дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Палітык нагадала, што “ў 2020 годзе беларусы таксама прагаласавалі за дэмакратычныя перамены, і сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы на знак пратэсту супраць таго, што дыктатар скраў <…> галасы”.

За дзень да таго Ціханоўская ўжо праводзіла паралель паміж выбарамі 2020 года ў Беларусі, калі беларусы “прагаласавалі за перамены і свабоду”, і падзеямі ў Венесуэле. Дэмлідар напісала, што на “гістарычных выбарах у нядзелю народ Венесуэлы выразна выказаўся за дэмакратычныя перамены, і гэты выбар павінен быць пачуты”.

Увечары 29 ліпеня тысячы прыхільнікаў апазіцыі выйшлі на акцыі пратэсту ў гарадах Венесуэлы пасля прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі 28 ліпеня, пераможцам якіх абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Нікалас Мадура. Паводле інфармацыі венесуэльскіх СМІ, у Каракасе паліцыя і вайскоўцы прымянілі супраць пратэстуючых слёзатачывы газ і гумовыя кулі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, Мадура набраў 51,2% галасоў, нязначна апярэдзіўшы кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%).

Паводле даных незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, а Мадуру — ад 14% да 31%, паведаміла агенцтва Reuters. Апазіцыя сцвярджае, што мае копіі бюлетэняў з выбарчых участкаў, якія паказваюць упэўненую перамогу Гансалеса.

Прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле — “адны з самых важных выбараў, якія ўвогуле праходзяць у свеце” для Аляксандра Лукашэнкі, але не столькі эканамічна, колькі эмацыйна, “таму што з гэтай краінай яго шмат што звязвае”. Такое меркаванне ў каментарыі “Позірку” выказаў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні Мадуру заявіў, што Венесуэла пад яго кіраўніцтвам “працягне упэўнена крочыць па шляху ўмацавання свайго суверэнітэту, развіцця кампетэнцый па шматлікіх напрамках”.

Падзяліцца: