Мінск 10:29

Беларусь выдасць абвінавачанага ў забойстве грамадзяніна Турцыі

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

30 ліпеня, Позірк. Мінск выдасць Анкары абвінавачанага ў забойстве грамадзяніна Турцыі, вынікае з паведамлення Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Замежніка экстрадуюць на просьбу Міністэрства юстыцыі Турцыі ў рамках міждзяржаўнага дагавора аб прававой дапамозе па грамадзянскіх, гаспадарчых і крымінальных справах.

Спасылаючыся на матэрыялы крымінальнай справы, якая расследуецца ў Турцыі, беларускі наглядны орган паведаміў, што “абвінавачаны падчас канфлікту ўдарыў галавой у твар першага пацярпелага, пасля чаго стрэліў з пісталета не менш за восем разоў у другога пацярпелага”. Ад атрыманых агнястрэльных раненняў той памёр на месцы.

Затым абвінавачаны “зрабіў адзін стрэл у нагу трэцяга пацярпелага, які спрабаваў забраць <…> зброю, чым прычыніў яму менш цяжкае цялеснае пашкоджанне”.

16 ліпеня намеснік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі Леанід Рахленка паведаміў, што на падставе рашэння Генеральнай пракуратуры ў Турцыю экстрадаваныя два грамадзяніны гэтай дзяржавы — мужчыны 40 і 43 гадоў.

Адзін з іх быў абвешчаны ў міжнародны вышук за “ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі”, сказаў чыноўнік. У Беларусі яго затрымалі і асудзілі за спробу “перасячэння мяжы з падробленымі дакументамі”.

Другі мужчына адбываў у Беларусі пакаранне — 17 гадоў пазбаўлення волі — за забойства грамадзянкі Бангладэш, здзейсненае ў 2018 годзе ў Віцебску.

Падзяліцца: