Мінск 07:37

Сергяенка прарэкламаваў генсакратару Азіяцкай парламенцкай асамблеі партыйную сістэму Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба ПП НС

31 ліпеня, Позірк. Пра “беларускі парламент і партыйную сістэму” распавёў генеральнаму сакратару Азіяцкай парламенцкай асамблеі Махамаду Рэзе Маджыдзі старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, паведаміла 31 ліпеня прэс-служба ніжняй палаты Нацыянальнага сходу.

Сустрэча адбылася ў Тэгеране, куды Сергяенка прыбыў для ўдзелу ў інаўгурацыі прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна.

Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў таксама сустрэўся са спікерам парламента Ірана Махамадам Багерам Галібафам. Суразмоўцы, як сцвярджаецца, адзначылі “супадзенне падыходаў Беларусі і Ірана да пытання будаўніцтва новай архітэктуры міжнародных стасункаў”.

На сустрэчы Сергяенкі з генеральным сакратаром Парламенцкага саюза Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС) Махамедам Харайчы Ніясам (Сенегал) канстатавана “супадзенне падыходаў у галіне правядзення знешняй палітыкі дзяржаў — членаў АІС у Беларусі, якія грунтуюцца на прынцыпах узаемавыгаднага супрацоўніцтва пры захаванні павагі да нацыянальных традыцый”.

Тое, што “любы абмен думкамі аб працэсах, якія адбываюцца як у Цэнтральнай Азіі, так і ў Еўропе, будзе ўзаемакарысным”, было заяўлена на сустрэчы беларускага парламентарыя з генеральным сакратаром Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва Назіры Хусравам (Таджыкістан).

У канцы 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

У выніку ўлетку і ўвосені 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).

У выніку перафарматавання палітычнага поля ў краіне засталося чатыры лаяльныя ўладам партыі — “Белая Русь” (створана ў 2023 годзе для актыўнай падтрымкі Лукашэнкі), Рэспубліканская партыі працы і справядлівасці, Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя. Усе яны атрымалі месцы ў Палаце прадстаўнікоў.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначаў, што беларуская партыйная сістэма зараз фактычна капіюе расійскую.

Падзяліцца: