Мінск 23:07

МЗС Беларусі рэкамендаваў устрымацца ад паездак у Ліван

Фота: tochka.by

31 ліпеня, Позірк. Часова ўстрымацца ад паездак у Ліван у сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе рэкамендавала Міністэрства замежных спраў Беларусі — “да стабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне”.

Грамадзянам Беларусі, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі краіны, “неабходна строга прытрымлівацца ўказанняў мясцовых улад”, падтрымліваць сувязь з пасольствам Беларусі ў Сірыі, а таксама “актуалізаваць свае даныя па консульскім уліку”, паведаміла прэс-служба ведамства.

Краіны Захаду заклікалі сваіх грамадзян пакінуць тэрыторыю Лівана напярэдадні, баючыся, што эскалацыя прывядзе да поўнай адмены авіязносін з краінай.

ВПС Ізраіля ў ноч на 28 ліпеня нанеслі ўдары па аб’ектах радыкальнага шыіцкага руху “Хезбала” на тэрыторыі Лівана.

Яны сталі адказам на абстрэл 27 ліпеня футбольнага поля на кантраляваных Ізраілем Галанскіх вышынях, у выніку якога загінулі 12 чалавек, у тым ліку дзяцей. Ізраільскае войска заявіла, што за ім стаіць “Хезбала”, улады краіны прыгразілі групоўцы “цвёрдым адказам”.

31 ліпеня стала вядома, што Ізраіль нанёс удар па Бейруце і заявіў аб знішчэнні галоўнага ваеннага камандзіра “Хезбалы” Фуада Шукра, якога ў Ізраілі лічаць адказным за ракетны абстрэл на Галанскіх вышынях.

Падзяліцца: