Мінск 04:14

Пасля перформансу на магіле Ван Гога беларускі мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч арыштаваны ў Францыі — СМІ

Архіўнае фота: "Новы час"

1 жніўня, Позірк. Беларускі мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч адпраўлены 31 ліпеня французскім судом у СІЗА для замежнікаў тэрмінам на адзін месяц, паведаміў партал “Люстэрка” са спасылкай на свае крыніцы.

Акцыяніста судзілі за перфоманс, падчас якога ён раскопваў магілу нідэрландскага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у французскім горадзе Овер-сюр-Уаз.

“Люстэрка”, са спасылкай на інфармацыю, якую прадставіў парталу з асабістага акаўнта мастака чалавек, які прадставіўся даверанай асобай Кузьміча, паведаміла, што пакаранне “могуць замяніць на ўмоўнае пры аплаце штрафу ў 1.500 еўра”.

Таксама згаданая “давераная асоба” адзначыла, што мастака “хочуць дэпартаваць з Еўропы”, а яго адвакаты спрабуюць аспрэчыць гэтае рашэнне. Іншыя падрабязнасці справы пакуль невядомыя.

Не паведамляецца, у якім статусе ён знаходзіцца і аб якім пакаранні ідзе размова.

У лютым Кузьміч быў эвакуіраваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl, пасля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са смерцю бабулі.

“Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт”. Аб’явілі ў вышук. За пару дзён да таго, як дашлі дадому са Следчага камітэта, я з’ехаў у вёску. Перад выбарамі сітуацыя абвастрылася. Пайшоў па хатах участковы. Я зразумеў, што час. Выехаць з першай спробы не ўдалося. Аказалася, што з Расіі выезд мне таксама забаронены. Але шчыліну я знайшоў. І суцэль легальна зваліў. Ужо трэці раз”, — пісаў тады ён у сацсетцы “Фэйсбук”.

Мастак наведваў краіну і ў мінулым годзе, а ў кастрычніку 2023 года ягоны відэафільм “Іншапланецяне ў Беларусі. Транзіт ці Зад назад” прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў.

Аляксей Кузьміч-малодшы — сын вядомага мастака Аляксея Кузьміча. Раней ладзіў правакацыйныя перформансы ў Беларусі.

Падзяліцца: