Мінск 02:53

Рада БНР пра абмен зняволенымі: Лідары ЗША і Еўропы праігнаравалі пакуты беларускага народа

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

1 жніўня, Позірк. Беларускія інтарэсы праігнараваныя заходнімі сталіцамі ў перамовах пра абмен зняволенымі з Расіяй, гаворыцца ў заяве прэзідыума Рады БНР.

Адзначаючы, што ў спісе абмененых 1 жніўня няма беларускіх палітвязняў і палонных, аўтары заявы падкрэсліваюць, што “лідары ЗША і Еўропы ў гэтай сітуацыі праігнаравалі пакуты беларускага народа, які апынуўся ў цяперашнім становішчы не ў апошнюю чаргу таму, што ўрады найбуйнейшых дзяржаў Захаду <…> застаюцца згодныя бачыць Беларусь у выключнай зоне інтарэсаў Масквы”.

У Радзе БНР лічаць “захоп рэжымам Лукашэнкі” грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера “міжнародным злачынствам”, а яго абмен — як здзейснены “выключна ў інтарэсах Расейскай Федэрацыі” (арфаграфія захаваная).

“Мы спадзяваліся, што Украіна магла б настойваць на вызваленні ў гэтай схеме двух беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне, а таксама грамадзян Беларусі, асуджаных за спробы перашкодзіць войскам РФ здзейсніць ваенныя злачынствы ва Украіне з беларускай тэрыторыі”, — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, на думку аўтараў, Варшава “мела поўнае права ўзняць пытанне аб вызваленні з лукашэнкаўскіх турмаў Андрэя Пачобута і іншых прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці”.

Заяўнікі заклікалі лідараў дэмакратычнага Захаду да “асэнсавання таго факту”, што без “вызвалення Беларусі ад расейскай васальнай дыктатуры Лукашэнкі, а таксама абароны ад магчымай спробы непасрэднай акупацыі Беларусі Расеяй” немагчымая не толькі еўрапейская перспектыва Беларусі, але і мір і бяспека на еўрапейскім кантыненце ўвогуле.

Асуджаны ў Беларусі да смяротнага пакарання і затым памілаваны Лукашэнкам Крыгер вызвалены ў рамках найбуйнейшага за многія гады абмену зняволенымі, які адбыўся паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

Падзяліцца: