Мінск 14:33

Кабанчук стаў прадстаўніком АПК па абароне, Астапенка — па міжнароднай супрацы (дапоўнена)

Вадзім Кабанчук і Уладзімір Астапенка
Фота: полк Каліноўскага / АПК Калаж: "Позірк"

3 жніўня, Позірк. Былы намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук прызначаны прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы, вынікае з абвяшчэння кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай 3 жніўня ў Вільнюсе на канферэнцыі “Новая Беларусь”.

“Спадар Кабанчук выдатна праявіў сябе ў палку Кастуся Каліноўскага, дзе абараняў гонар Беларусі. Ён мае досвед і аўтарытэт сярод вайскоўцаў і добрыя стасункі з Украінай”, — сказала палітык.

В.а. прадстаўніка АПК па замежных справах Уладзімір Астапенка стаў прадстаўніком кабінета па міжнароднай і еўрапейскай супрацы. “Гэтае прадстаўніцтва заменіць прадстаўніцтва па замежных справах. Спадар Астапенка будзе сумяшчаць сваю новую пазіцыю з пасадай кіраўніка місіі ў Брусэлі”, — паведаміла дэмлідар.

Дарадца Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава стала прадстаўніцай па справах моладзі і студэнцтву. “Маргарыта — член Каардынацыйнай рады і адна з лідараў беларускай моладзевай супольнасці. Яе задачай будзе прадстаўляць і абараняць інтарэсы моладзі як у Беларусі, так і за мяжой”, — заявіла Ціханоўская.

“Таксама я ўхваліла прапанову Паўла Латушкі прызначыць намеснікам прадстаўніка па транзіце ўлады [намесніка кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення] Арцёма Брухана, — паведаміла яна. — Спадар Брухан выдатна праявіў сябе падчас працы ў НАУ, мае досвед дзяржаўнай працы, гэта выдатны камунікатар і арганізатар”.

Прадстаўнікі кабінета Павел Латушка (па транзіце ўлады, намеснік кіраўніцы АПК), Аліна Коўшык (па нацыянальным адраджэнні), Вольга Гарбунова (па сацыяльных пытаннях), а таксама іх намеснікі “працягваюць працу ў кабінеце”, сказала палітык.

Ціханоўская выказала спадзеў на тое, што Каардынацыйная рада (КР) у бліжэйшы час правядзе слуханні з удзелам новых прадстаўнікоў АПК і “дасць свае рэкамендацыі па іх прызначэнні, каб кабінет у новым складзе мог паўнавартасна пачаць сваю працу як мага хутчэй”.

“Таксама я прашу Каардынацыйную раду рэкамендаваць кандыдатаў на іншыя пазіцыі, у прыватнасці на пазіцыю прадстаўніка па эканоміцы і фінансах, па аднаўленні законнасці і правапарадку, а таксама па пытаннях мабільнасці і легалізацыі, што дазволіць больш эфектыўна вырашаць праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы як унутры краіны, так і за мяжой”, — дадала яна.

На думку Ціханоўскай, змены ў АПК “падвысяць яго эфектыўнасць, а таксама рэлевантнасць для беларусаў”. Кабінет, падкрэсліла яна, “павінен адказваць на запыты беларускага грамадства і адстойваць беларускія інтарэсы”.

Палітык таксама падзякавала за працу экс-прадстаўніку па замежных справах Валеру Кавалеўскаму і былому прадстаўніку па абароне і нацбяспецы Валерыю Сахашчыку. “Нашыя дарогі не разышліся. Мы, спадзяюся, працягнем працу ў нейкім новым фармаце. У нас з вамі адна мэта”, — заявіла яна.

Падзяліцца: