Мінск 14:05

Шэраг дэмакратычных структур дамовіўся пра супрацу ў рамках “Платформы 2025”

3 жніўня, Позірк. Пра супрацу шэрагу дэмакратычных структур у рамках “Платформы 2025” абвешчана 3 жніўня ў Вільнюсе на канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Дакумент з’яўляецца “рамкай для сумеснай працы дэмакратычных сіл, інструментам для каардынацыі дзеянняў”, у якім зафіксаваныя прыярытэты падпісантаў.

Мэта супрацы ў рамках платформы заключаецца ў тым, каб дамагчыся “дэлегітымацыі рэжыму Лукашэнкі; непрызнання вынікаў імітацыі выбараў; адкрытасці Еўропы і ўсяго дэмакратычнага свету для беларусаў, каб не было жалезнай заслоны; аб’яднання для сумеснай дзейнасці, а не барацьбы адзін з адным”.

Першая задача ў рамках дакумента заключаецца ў аб’яднанні ўсіх намаганняў і інструментаў для вызвалення палітвязняў, у тым ліку шляхам дыпламатыі, санкцый ды інш.

Яшчэ адна задача заключаецца ў тым, каб “абараняць і прасоўваць інтарэсы беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся”, “адвакатаваць пытанні выдачы віз, адкрыцця пасажырскіх пераходаў”, “напаўняць сэнсам еўрапейскую перспектыву”, “умацоўваць сувязі паміж беларусамі з рознымі поглядамі, унутры краіны і па-за яе межамі”.

Да платформы далучыліся Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада ў цэлым і асобна яго фракцыі — “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду!”, “Воля”, “Наша справа”, “Хопіць баяцца!”, “Еўрапейскі выбар” , а таксама фонд BYSOL, Фонд медыцынскай салідарнасці, ініцыятывы “Сумленныя людзі”, “Народныя амбасады”, дэ-юрэ ліквідаваныя ў Беларусі Аб’яднаная грамадзянская партыя і Рух “За Свабоду”.

Платформа адкрытая для новых падпісантаў.

Падзяліцца: