Мінск 02:45

Рыжанкоў абмеркаваў з амбасадарам Венесуэлы вынікі прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне

Фота: МЗС Беларусі

6 жніўня, Позірк. “Аб выніках правядзення прэзідэнцкай кампаніі і аб развіцці сітуацыі ў Венесуэле ў поствыбарчы перыяд” праінфармаваў кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова амбасадар гэтай краіны ў Мінску Рамірэс Араку на сустрэчы з ім 6 жніўня, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Бакі таксама “абмяняліся думкамі аб развіцці сітуацыі ў рэгіёнах размяшчэння дзвюх краін і ў свеце ў цэлым, абмеркавалі беларуска-венесуэльскі парадак дня з акцэнтам на гандлёва-эканамічную тэматыку, а таксама палітычнае ўзаемадзеянне як на двухбаковым трэку, так і на міжнародных пляцоўках”.

Напярэдадні Рыжанкоў сустрэўся з амбасадарам Зімбабвэ Ігнатыусам Грэмам Мудзімбай.

28 ліпеня ў краіне адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх аб’яўлены дзейн ы кіраўнік дзяржавы Нікалас Мадура. Ён пераабраны на трэці тэрмін.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Мадура набраў 51,2% галасоў, нязначна апярэдзіўшы кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%).

Наступным днём тысячы прыхільнікаў апазіцыі выйшлі на акцыі пратэсту ў гарадах Венесуэлы. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у Каракасе паліцыя і ваенныя прымянілі супраць пратэстуючых слёзатачывы газ і гумовыя кулі, паведамляецца аб ахвярах.

Пратэсты працягваліся да 3 жніўня, калі былі практычна задушаныя.

Паводле даных праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, загінула не менш за 20 чалавек. Улады аб’явілі аб дзвюх тысячах затрыманых.

Паводле даных незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, а Мадура — ад 14% да 31%, паведаміла агенцтва Reuters. Апазіцыя сцвярджае, што ў яе ёсць копіі бюлетэняў з выбарчых участкаў, якія паказваюць упэўненую перамогу Гансалеса.

Дэмакратычныя краіны не прызнаюць перамогу Мадуры.

Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні яму 29 ліпеня заявіў, што Венесуэла пад яго кіраўніцтвам “прадоўжыць упэўнена крочыць па шляху ўмацавання свайго суверэнітэту, развіцця кампетэнцый па шматлікіх напрамках”.

Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская 30 ліпеня падтрымала пратэстоўцаў і перадала словы падтрымкі “адважнаму народу Венесуэлы”, які патрабуе сумленнага падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах.

Прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле — “адны з найважнейшых выбараў, якія ўвогуле праходзяць у свеце” для Лукашэнкі, але не столькі эканамічна, колькі эмацыйна, “таму што з гэтай краінай яго шмат што звязвае”. Такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказаў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

Падзяліцца: