Мінск 20:08

Латушка: Лукашэнка павінен зразумець, што альтэрнатыва ягонаму рэжыму нікуды не дзенецца, пакуль ён існуе

Падчас падпісання пратакола
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

5 жніўня, Позірк. Лукашэнка павінен зразумець, што альтэрнатыва ягонаму рэжыму нікуды не дзенецца і не самараспусціцца, пакуль ён існуе; свабодныя і сумленныя выбары не сыдуць з парадку дня і старонка не будзе “перагорнутая”, пакуль гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя.

Пра гэта заявіў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, каментуючы падпісанне на канферэнцыі “Новая Беларусь” пратакола ўзаемадзеяння вядучых палітычных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху.

Намеснік кіраўніцы АПК адзначыў, што адзін з пунктаў пратакола — аб прызнанні паўнамоцтваў Святланы Ціханоўскай як нацыянальнага лідара да правядзення свабодных і сумленных выбараў у Беларусі або яе асабістага рашэння скласці з сябе гэтыя паўнамоцтвы — “чакана выклікаў рэакцыю і дыскусію”.

Палітык звярнуў увагу, што “аднымі з першых адрэагавалі топ-прапагандысты рэжыму і некаторыя “незалежныя расійскія СМІ” накшталт SOTA”, ад якіх гучалі абвінавачанні ў адрас дэмсіл, якія нібыта будуюць “дыктатуру” ці “манархію”.

Латушка падкрэсліў, што рэальнай уладай у дэмсілах ніхто не валодае, “бо гэта не гісторыя пра ўладу ў дэмсілах”, а “гісторыя барацьбы з рэжымам Лукашэнкі”, для чаго патрэбная “сістэмная альтэрнатыва” і яе “легітымнае лідарства”.

“Неабходнасць наяўнасці гэтага лідарства (не блытаем з рэальнай уладай, якой, як мы бачым, няма ні ў Святланы Ціханоўскай, ні ў інстытутаў дэмсілаў) звязана таксама з міжнароднай падтрымкай і ўзроўнем рэпрэзентацыі той сістэмы, якую мы пабудавалі для барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, які незаконна ўтрымлівае ўладу ўнутры краіны. І лабіравання падтрымкі гэтай барацьбы на міжнароднай арэне”, — падкрэсліў Латушка.

На яго думку, адмова ад суб’ектнасці прывядзе да таго, што рэжым Лукашэнкі “становіцца безальтэрнатыўным варыянтам, прызнаваць пачынаюць яго”. “Пазбавіцца ад альтэрнатывы, ад Ціханоўскай, ад кабінета і Каардынацыйнай рады — гэта тое, чаго хоча ён і чаго не можам дапусціць мы, калі мы хочам яго перамагчы”, — падкрэсліў палітык.

“Прымаючы рашэнне аб падпісанні пратакола аб узаемадзеянні, ключавыя інстытуты дэмсіл усведамлялі, што гэта будзе выкарыстана супраць нас, мы ўсведамлялі антыпіяр-наступствы. Але таксама мы разумелі, што напярэдадні “выбараў” Лукашэнкі пытанне “кадэнцыі” Святланы Ціханоўскай будзе ключавым пунктам атакі прапаганды і лабістаў рэжыму для ліквідацыі створанай намі сістэмы інстытутаў”, — адзначыў Латушка.

Дэмакратычныя сілы, паводле слоў палітыка, пайшлі на падпісанне пратакола ў такім выглядзе, таму што захаванне і ўмацаванне альтэрнатывы рэжыму, яе суб’ектнасці для іх “важней, чым зарабляць медыйныя ачкі”.

Латушка падкрэсліў, што дэмсілы гатовыя да перамоваў з рэжымам на сваіх умовах: вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій і “публічная заява Лукашэнкі аб тым, што ён не ідзе на выбары і сыходзіць з пасады кіраўніка УНС” (Усебеларускага народнага сходу. — “Позірк.).

“У гэтым выпадку мы таксама гатовыя спыніць сваю палітычную дзейнасць за мяжой і вярнуцца да яе ўжо ў рамках свабоднага, сумленнага дэмакратычнага працэсу ўнутры краіны, у Беларусі”, — заявіў Латушка.

Пратакол узаемадзеяння паміж Ціханоўскай, яе офісам, Каардынацыйнай радай (КР), Аб’яднаным пераходным кабінетам і іншымі дэмакратычнымі сіламі прадставіла 3 жніўня ў Вільнюсе ў рамках канферэнцыі “Новая Беларусь” кіраўнік ініцыятывы “Сумленныя людзі”, віцэ-спікер КР другога склікання (цяпер працуе трэцяе) Алена Жываглод.

У дакуменце гаворыцца аб тым, што Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе і будзе выконваць ролю нацыянальнага лідара да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі або да ўласнага рашэння спыніць сваю дзейнасць.

Падзяліцца: