Мінск 20:44

Камандуючыя ВПС Ірана і Беларусі заявілі пра гатоўнасць супрацоўнічаць адзін з адным і “дружалюбнымі” краінамі

Уваход у будынак былой амбасады ЗША ў Тэгеране

7 жніўня, Позірк. Развіваць узаемныя абаронныя і ваенныя адносіны, “дзяліцца досведам з дружалюбнымі краінамі ў галіне вытворчасці і выпуску ваеннай тэхнікі” гатовыя ВПС Ірана. Пра гэта заявіў падчас сустрэчы з камандуючым ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэем Лук’яновічам камандзір ВПС Ірана Хамід Вахедзі, паведамляе агенцтва Mehr.

Вахедзі абвінаваціў “Злучаныя Штаты і сіянісцкі рэжым” у падбухторніцкай палітыцы. Паводле яго сцвярджэння, усе беды і катастрофы, з якімі сутыкаецца рэгіён, “звязаныя з ЗША і Ізраілем”. Ён таксама адзначыў, што нябожчык лідар Ісламскай рэвалюцыі імам Рухала Хамейні называў Злучаныя Штаты “галоўнай прычынай карупцыі і Вялікім Сатаной, які імкнецца да вайны, канфліктаў і супрацьстаіць незалежнасці і самастойнасці краін сваім панаваннем”.

“Мы верым, што гэты ізраільскі рэжым, які забівае дзяцей, блізкі да свайго канца. Гісторыя паказвае, што той, хто кіруе з дапамогай прыгнёту, не застанецца ва ўладзе і будзе знішчаны як мага хутчэй”, — заявіў камандуючы іранскімі ВПС.

Лук’яновіч, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Беларусь “зацікаўленая ў развіцці адносін з ВПС Ісламскай Рэспублікі Іран у абароннай і ваеннай абласцях” і “надае вялікае значэнне” адносінам з Іранам.

Беларуская дэлегацыя правяла сустрэчу з галоўнакамандуючым іранскім войскам Сеедам Абдул-Рахім Мусаві, які заявіў, што Беларусь мае “асаблівае стратэгічнае становішча”, з’яўляецца бар’ерам на шляху пашырэння НАТО.

Камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі заявіў аб жаданні “пашыраць і паглыбляць ваенныя адносіны, а таксама абменьвацца каштоўным вопытам з Іранам і атрымліваць з яго карысць”. Ён зазначыў, што Беларусь выступае супраць пашырэння НАТО, і запрасіў Мусаві наведаць Беларусь.

Мінабароны Беларусі таксама паведаміла аб працоўным візіце беларускай ваеннай дэлегацыі на чале з Лук’яновічам, падчас якога “бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва і намецілі шляхі яго далейшага развіцця”.

31 ліпеня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сяргеенка ўзяў удзел у інаўгурацыі новага прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіана. На двухбаковай сустрэчы была пацверджана “прыхільнасць агульным прынцыпам: імкненню да пабудовы шматпалярнага свету, непахіснасці дзяржаўнага суверэнітэту, неўмяшанню ва ўнутраныя справы, раўнапраўнаму ўзаемадзеянню на міжнароднай арэне, а таксама выказалі зацікаўленасць у пашырэнні сфер супрацоўніцтва за кошт новых праектаў”.

Тады ж у Мінску знаходзілася дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Узброеных сілаў Ірана. 31 ліпеня на сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства Беларусі былі абмеркаваныя перспектывы беларуска-іранскага супрацоўніцтва ў сферы інжынернага забеспячэння.

Дыялог паміж Мінскам і Тэгеранам “на ўсіх узроўнях упэўнена пашыраецца”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 6 ліпеня Пезешкіана з перамогай на выбарах прэзідэнта Ірана, і запрасіў яго ў Беларусь.

Лукашэнка наведваў Іран у сакавіку 2023 года.

Намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальнік авіяцыі Андрэй Лук’яновіч знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за саўдзел у ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Яго візіт у Іран праходзіць на фоне пагроз Тэгерана на адрас Ізраіля адпомсціць за забойства аднаго з лідараў палестынскай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Ён удзельнічаў у цырымоніі інаўгурацыі Пезешкіана і быў ліквідаваны ў ноч пасля яе. Іран усклаў адказнасць на Ізраіль.

Падзяліцца: