Мінск 23:27

Дарадца Ціханоўскай: Пераадоленне крызісу ў навуцы павінна пачынацца з вызвалення навукоўцаў і выкладчыкаў

Фота: фэйсбук-акаўнт Таццяны Шчытцовай

7 жніўня, Позірк. Беларуская навука знаходзіцца ў глыбокім крызісе, першым крокам для яго пераадолення павінна стаць вызваленне ўсіх навукоўцаў і выкладчыкаў, асуджаных па палітычных прычынах. Так пракаментавала нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што “грамадзянін з высокім званнем навукоўца павінен быць самым актыўным правадніком дзяржаўнай пазіцыі”, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова. Яе каментар прыводзіць афіцыйны сайт дэмлідара.

Шчытцова ўпэўненая, што Лукашэнка і яго прапагандысты, “заклікаючы нешта рабіць у інтарэсах краіны, насамрэч дамагаюцца падтрымкі для дыктатуры”, аднак “інтарэсы канкрэтнага рэжыму і інтарэсы краіны могуць не супадаць — асабліва, калі гэты рэжым узурпатарскі або антыгуманны”.

Сёння, адзначае аўтар каментара, можна знайсці “мноства публікацый беларускіх навукоўцаў, якія не ўяўляюць ніякай навуковай каштоўнасці, выконваючы выключна прапагандысцкія задачы”. Адначасова з гэтым “сотні выкладчыкаў страцілі працу з-за дэмакратычных поглядаў”, многія кваліфікаваныя навукоўцы “вымушаныя былі пакінуць краіну”.

“Многія былі асуджаныя, адбылі або працягваюць адбываць незаконна прызначаныя ім тэрміны: сацыёлаг Юрый Бубноў, біёлаг Алег Давыдзенка, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, лінгвіст Наталля Дуліна, лінгвіст Наталля Жлоба, палітолаг Валерыя Касцюгова, палітолаг Таццяна Кузіна, філосаф Уладзімір Мацкевіч — гэты спіс далёка не поўны”, — нагадала дарадца дэмлідара.

30 ліпеня на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што НАН апошнім часам “дапускала сур’ёзныя пралікі”, таму было вырашана стварыць такую рабочую групу.

Падзяліцца: