Мінск 08:42

Урад забараніў увоз у Беларусь макароны з “недружалюбных” краін

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com / moritz320

9 жніўня, Позірк. Дапоўнены пералік тавараў, забароненых “да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі”, паведамляе прэс-служба ўрада са спасылкай на пастанову, падпісаную прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам.

Спіс тавараў з “недружалюбных” краін дапоўнілі маргарын, макароны, цэмент і вырабы з яго, азотныя ўгнаенні, пластмасавы посуд, пліты ДСП, МДФ, скрыні, скрынкі, мяшкі, пакеты і іншая упаковачная тара з паперы і кардона, цэгла.

“Падпісаная пастанова — мера ў адказ на прынятыя Еўрапейскім саюзам пастановы аб пашырэнні з 1 ліпеня 2024 года санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Гэтыя меры ўступяць у сілу з 31 жніўня”, — адзначыла прэс-служба ўрада.

Беларускія ўлады лічаць недружалюбнымі краіны Еўрасаюза, ЗША, Албанію, Вялікабрытанію, Ісландыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Паўночную Македонію, Сербію, Чарнагорыю і Швейцарыю.

Гэтыя дзяржавы ўвялі альбо далучыліся да санкцый, якія сталі рэакцыяй на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і вымушаную пасадку ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс з апазіцыйным блогерам Раманам Пратасевічам і яго сяброўкай Сафіяй Сапега на борце.

10 ліпеня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падоўжыў да 30 чэрвеня 2025-га дзеянне ўказа, які прадугледжвае спагнанне павышаных мытных пошлін пры ўвозе шампуняў, сродкаў для валасоў і чысткі зубоў, якія адбываюцца з “краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя)”.

У Беларусі дзейнічае забарона на імпарт і рэалізацыю асобных катэгорый тавараў з “недружалюбных” краін.

Згодна з пастановай Савета міністраў № 934 ад 26 снежня 2023 года, ён падоўжаны да канца 2024 года. Гэты ж дакумент дазваляў увозіць яблыкі з “недружалюбных” краін з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024 года.

Пастанова падаўжае дзеянне асноўных палажэнняў пастановы № 700 ад 6 снежня 2021 года “Аб прымяненні спецыяльных мер у дачыненні да асобных відаў тавараў”. Контрсанкцыі былі прынятыя на падставе ўказа № 128 ад 30 сакавіка 2021 года для “забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

“Спецыяльныя меры” датычацца прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў, у тым ліку касметычнай прадукцыі. Забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).

Гл. таксама:

У адказ на закрыццё Рыгай пагранпункта Сілене беларускі ўрад забараніў увоз латвійскіх калгот і іншых тавараў

Падзяліцца: