Мінск 17:58

Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісляку

Раман Кісляк
Архіўнае фота: ПЦ "Вясна"

9 жніўня, Позірк. Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісляку, паведаміў ён “Позірку”.

Гэта адбылося пасля больш чым гадавога чакання рашэння грузінскіх уладаў.

Паводле Кісляка, у адказе, які ён атрымаў ад Дэпартаменту міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў, гаворыцца, што ён задавальняе крытэрыям, вызначаным Жэнеўскай канвенцыяй “Аб статусе бежанца” і закону Грузіі “Аб міжнароднай абароне”, якія тычацца прысуджэння статусу ўцекача, аднак “ёсць дастатковыя падставы для дапушчэння”, што яго знаходжанне там можа “супярэчыць інтарэсам краіны”.

У выніку праваабаронцу “было адмоўлена ў прысуджэнні статусу ўцекача”.

Адмовіць у статусе, патлумачыў Кісляк, могуць у той сітуацыі, калі “маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што асоба, якая шукае прытулак, мае сувязь з узброенымі сіламі краіны ці арганізацыі, якая варожа настроена ў адносінах да абароны і бяспекі Грузіі”, выведкай іншай краіны, “тэрарыстычнымі ці экстрэмісцкімі арганізацыямі”, “іншымі злачыннымі арганізацыямі (у тым ліку з транснацыянальнымі злачыннымі арганізацыямі)” або “незаконным абаротам узбраенняў, зброі масавага знішчэння або іх кампанентаў”.

“Грузія лічыць, што я з’яўляюся пагрозай нацыянальнай бяспецы. Гэта часткова чакана. Мы свядома пайшлі на пікеты (у траўні ў Тбілісі Кісляк зладзіў акцыю супраць доўгага разгляду прашэнняў аб прытулку.“Позірк”.), паскорылі працэсы”, сказаў Кісляк. 

Ён збіраецца абскарджваць рашэнне ў судзе.

“Сітуацыя такая, што ў мяне закончыўся [тэрмін дзеяння] пашпарту. Тэрмін дзеяння грузінскага часовага пасведчання асобы таксама выйшаў. Буду дамагацца, калі абскарджу рашэнне, каб мне выдалі новае”, дадаў праваабаронца. 

Паводле ягоных звестак, такая ж праблема ў іншых беларусаў, у якіх закончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў за час разгляду справаў пра прытулак. 

“Відавочна, што мы, актыўныя беларусы члены грамадзянскай супольнасці, і грузінскі ўрад не вельмі хоча нас бачыць”, лічыць Кісляк. 

З ў Грузіі спрабуюць “выкінуць за межы краіны палітычна і грамадска актыўных членаў [беларускай] дыяспары”, падкрэсліў ен.

“Такім чынам, выбудоўваецца агульная задума грузінскіх уладаў, якія перацягваюць Грузію на бок “імперыі зла”, дзе ўжо знаходзяцца Расія, Беларусь, КНДР і Іран”, заявіў Кісляк, дадаўшы ў гэты шэраг грузінскі законапраект аб “замежных агентах”, які выклікаў пратэсты ў краіне.

Паводле ягоных звестак, на сёння беларусамі пададзеныя ўжо больш за 50 прашэнняў на прадстаўленне статусу ўцекача ў Грузіі. “Колькасць расце. Былі адмовы па тых, хто падаваў у 2020–2021 гадах, справы ўжо ў судзе. Там былі іншыя прычыны недастаткова падставаў для прадстаўлення статусу ўцекача”, дадаў Кісляк.

У траўні грамадзянка Беларусі не змагла вярнуцца ў Грузію з Турцыі, куды ненадоўга выязджала для т.зв. візарана — абнулення тэрміну бесперапыннага знаходжання ў гэтай каўказскай краіне (364 дні).

У красавіку 2023 года грузінскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну актывіста “Беларускай дыяспары Аджарыі” Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны з сям’ёй з’ехаць у Польшчу.

Кісляк паведаміў у траўні “Позірку“, што ў 2019–2024 гадах беларусы “50 разоў звярталіся” за адпаведным статусам у гэтай краіне. “За гэты час ніводнага статусу беларусам не прадстаўлена: ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу”, — падкрэсліў праваабаронца.

Падзяліцца: