Мінск 02:22

Таццяна Нядбай: Неабходна падтрымліваць беларускую культуру таксама, як Захад падтрымлівае зброяй Украіну

Председатель Белорусского ПЕНа Татьяна Нядбай
Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай
Фота: "Позірк"

Сучасная беларуская культура як ў краіне, так і за яе межамі перажывае адзін з найскладанейшых перыядаў за ўсю гісторыю: бесперапынныя рэпрэсіі, масавая вымушаная эміграцыя, забарона “няправільных” твораў… Здаецца, яшчэ трохі і пад прыкрыццём барацьбы з “экстрэмізмам” пачнуць публічна паліць кнігі.

Беларускі ПЭН, які ўлады юрыдычна ліквідавалі ў жніўні 2021 года, працягвае працаваць за мяжой і сёння, 12 верасня, прадставіць даследаванне “Сфера культуры Беларусі: рэпрэсіі і тэндэнцыі 2022—2023 гг.”, зробленае на падставе 42 экспертных інтэрв’ю.

Пра цяперашні стан айчыннай культуры “Позірк” паразмаўляў у Берліне са старшынёй Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай. У нямецкую сталіцу яна прыехала на адкрыццё выставы аб заснавальніку і кіраўніку праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэаце Нобелеўскай прэміі міру Алесе Бяляцкім.

“Культура перамясцілася ў падполле і працягвае ў такой маўклівай сітуацыі жыць”

— Як выглядае сітуацыя ў сферы культуры за мяжой і ў Беларусі? Ці можна казаць пра змяншэнне рэпрэсій, бо шмат творчых людзей вымушаны былі з’ехаць?

— Трэба разумець, што рэпрэсіі не спыніліся, проста зараз мы менш пра іх ведаем, як і ўвесь свет. Таму што Беларусь, нажаль, засталася ў цені рэгіянальных падзей, звязаных з вайной ва Украіне. Рэпрэсіі тым часам працягваюцца, іх маштаб не змяншаецца. Узровень такі самы, які быў у 2020 годзе. Калі тры гады таму гэта было задушэнне масавых акцый пратэсту, пасля — звальненні, ліквідацыя культурніцкіх прастор, то сёння ў “зачышчанай” краіне культура аказваецца выціснутай з ўласнай сферы.

Аднак, не зважаючы на пераслед, культура не знікла. Проста яна перамясцілася ў падполле і працягвае ў такой маўклівай сітуацыі жыць. Канешне, шмат дзеячоў культуры выціснута за мяжу, і ў медыйным полі ствараецца дысбаланс: падаецца, што усе выехалі і ў Беларусі нічога жывога не засталося. Гэта не так. У краіне працягваецца культурнае жыццё, пішуць пісьменнікі, працуюць творцы. Канешне, яны гэта робяць ў вельмі складаных умовах, фактычна чакаючы сваёй чаргі на рэпрэсіі. Большасць з іх, калі не ўсе, выказвалася на тэму падзей 2020 года. А сёння людзей затрымліваюць за любыя дзеянні, каментары альбо лайкі, якія пісаліся ці ставіліся ў 2020 годзе і нават раней.

Рэпрэсіі не спыніліся, яны памянялі сваю сутнасць, хаця і беларусы не змяніліся, яны такія ж, як былі ў 2020 годзе: смелыя, адважныя, настойлівыя ў дасягненні сваей мэты. А мэта — дамагчыся незалежнай і свабоднай краіны. Сітуацыя мяняецца, і ў нас няроўныя сілы з дыктатарам, за якім стаіць яшчэ і падтрымка Крамля. Сёння калегі кажуць пра неабходнасць падтрымліваць беларускую культуру таксама, як Захад падтрымлівае зброяй Украіну. І гэта абсалютная праўда. Гэта фактычна інвестыцыя ў будучую дэмакратычную, свабодную суседку, вельмі важную для Еўропы. Сення ў нас няма сваёй краіны, якая б беларусаў абараняла, і таму нам вельмі патрэбна дапамога саюзнікаў.

“Прыйдзецца прыкладаць значна больш намаганняў, каб зацікавіць дзяцей і дарослых беларускай літаратурай”

— Што адбываецца зараз з зачысткай школьнай праграмы ад “нязручнай” літаратуры і агулам культурнага асяроддзя? Ці можна гэта назваць русіфікацыяй беларускай культурнай прасторы?

— Трэба разумець, што захады ў дачыненні школьнай праграмы пачаліся значна раней за 2020 год. Проста тады гэта адбывалася ў менш інтэнсіўным рэжыме, але ўжо не было ў праграме, напрыклад, твораў Уладзіміра Арлова і шмат каго яшчэ з пісьменнікаў, якіх ўлада лічыць нелаяльнымі да сябе. А пасля пачалася помста за тое, што не падтрымалі, за відавочную паразу на выбарах. Бо ўсім стала бачна, што кароль голы. І тое, што мы сення назіраем у дачыненні да Караткевіча, — менавіта помста.

Выкідваюцца, канешне, найбольш цікавыя творы, якія акрамя ідэялагічнага складніка робяць беларускую літаратуру прывабнай. У гэтым сэнсе нам прыйдзецца потым прыкладаць значна больш намаганняў, каб літаратурай зацікавіць дзяцей і дарослых. Шмат хто з нас праходзіў шлях адмаўлення ўсяго беларускага: мне падавалася гэта нецікавым, няважным і не маім, пакуль не дарастаеш і не ўпітваеш праз нейкі цікавы для падлетка літаратурны твор, як у Караткевіча.

“Калі крытэрам адбору становіцца лаяльнасць, улады набіраюць тых, хто робіць публічныя памылкі”

— Як складваюцца справы з літаратурнай і выдавецкай дзейнасцю за мяжой?

— Актыўныя выдаўцы, чые выдавецтвы знішчаліся ў Беларусі, выехалі за мяжу, і зараз выдадзеныя імі кнігі даступныя для суайчыннікаў, якія апынуліся ў эміграцыі. З аднаго боку, гэта дастаткова актыўныя беларусы, якія цікавяцца роднай літаратурай і з’яўляюцца добрай аўдыторыяй для выдаўцоў, у тым ліку рынкавай, што немалаважна. З іншага боку, гэтыя кнігі становяцца значна менш даступныя для аўдыторыі ўнутры краіны.

Варта мець на ўвазе, што часам кнігі прызнаюцца “экстрэмісцкімі” вельмі рандомным чынам: проста трапілася на вочы, як, напрыклад, кніга вершаў Бродскага, імперца па сваім духу. І тут яго кнігу прызнаюць экстрэмісцкім выданнем з-за колераў на вокладцы. Гэта таксама дэманструе, па-першае, несістэмны падыход, а па-другое — нізкую кваліфікацыю людзей у сістэме. Калі лаяльнасць, а не кампетэнтнасць становіцца крытэрам адбору, улады набіраюць тых, хто робіць публічныя памылкі.

— Пра “чорны спіс” музыкаў мы ведаем. Ці існуе такі для літаратараў?

— Тое ж самае, што і ў музыкаў. Існуе негалосны “чорны спіс”, толькі мы не маем на руках гэтага дакумента. Мы ведаем па сваіх каналах, па расповедах калег, што тыя ці іншыя кнігі павінны быць знятыя з продажу альбо з паліц бібліятэк. На сёння, мабыць, адзінае сведчанне аб забароне выданняў, якое можна памацаць, — спіс “экстрэмісцкай” літаратуры. Але пералік забароненых кніг значна шырэйшы.

“Мы маем мінімум 127 дзеячаў культуры ў зняволенні”

— 12 верасня вы прадстаўляеце вынікі даследавання сітуацыі ў айчыннай культуры за апошнія два гады. Пра што ў дакуменце можна распавесці ўжо зараз?

— Мы маем мінімум 127 дзеячаў культуры ў зняволенні, з іх мінімум 32 пісьменнікі. Мы наўмысна ўжываем слова “мінімум”, бо зразумела, што ў спіс уключаныя не ўсе. Часта людзі не хочуць дзяліцца гэтай інфармацыяй з абсалютна зразумелых прычын. Каб не спойлерыць, проста скажу, што пераважна даследаванне пабудавана на цытатах нашых інфарматараў і рэспандэнтаў. Натуральна, усе гэтыя цытаты будуць у абагуленым і ананімізаваным выглядзе, каб выканаць дамоўленасці з суразмоўцамі. Падрыхтоўка заняла некалькі месяцаў. Пераважная частка інтэрв’ю бралася ў сакавіку — чэрвені. Мы правялі 42 экспертных інтэрв’ю і плануем рабіць такія даследаванні рэгулярна, бо разумеем, што гэта адна з неабходных і важных крыніц інфармацыі для нашага маніторынга і аналітычных справаздач.

Рэпрэсіі маюць сёння пераважна непублічны характар. Дзякуючы нашаму даследванню ўдалося выявіць іх маштаб. Мы не збіраемся называць людзей, якія давалі інтэрв’ю і дапамагалі нам, але гэта дае разуменне сітуацыі, мы лепш можам планаваць дзейнасць па абароне і дапамозе рэпрэсаваным.

— Як будзе распаўсюджвацца інфармацыя пра рэпрэсіі?

— Акурат гэта ёсць адным з прыярытэтаў нашай працы на бліжэйшыя месяцы, каб усебакова інфармаваць міжнародныя арганізацыі пра сітуацыю ўнутры Беларусі. У нас ёсць добрыя вынікі працы, але пакуль не надта сістэмна пастаўляем іх зацікаўленым бакам. На тое, каб стаць на ногі, пайшоў год, і зараз, я мяркую, мы будзем вяртацца да планаў развіцця, бо да гэтага былі занятыя выжываннем. Канешне, будзем інфармаваць нашых палітыкаў, лідараў дэмакратычнай супольнасці, каб яны маглі на сваіх сустрэчах выкарыстоўваць нашу інфармацыю, сістэмна і актыўна выходзіць на сувязь з новымі зацікаўленымі арганізацыямі. Зноў-такі уся сабраная інфармацыя даступная на нашым сайце.

“Мой рэцэпт — захаваць сябе, пазбегнуць зняволення”

— Ці ёсць нейкі ўніверсальны рэцэпт, як дбаць пра беларускую культуру ў Беларусі прама зараз?

— Напэўна, няма. Я б сказала, што трэба перадусім дбаць пра бяспеку, бо згубленае здароў’е і жыццё не вернецца. У культуры зараз вельмі складана, таксама як са СМІ, якія прызнаюцца “экстрэмісцкімі”. Людзі блытаюцца, што ўжо прызнана, а што — не. Прасцей не падпісвацца, і людзі сапраўды выпадаюць з інфармацыйнага парадку дня. Але калі чалавек не ўпэўнены ў сваіх магчымасцях добра пачысціць дэвайсы, то, можа, лепей і не распачынаць гэту прыгоду, каб захаваць здароўе і свабоду, бо людзі нам спатрэбяцца.

Тое, што адбылося з Алесем Пушкіным, з іншымі вязнямі, якія не змаглі атрымаць своечасовую медыцынскую дапамогу, тое, як страчваюць здароў’е ў турме найлепшыя нашы людзі, — вельмі крыўдна. А мы не можам з гэтым нічога зараз зрабіць. Наш цвет нацыі сядзіць, страчвае здароўе і жыццё, хаця на волі мог бы зрабіць шмат для развіцця краіны і культуры. Мой рэцэпт быў бы такім — захаваць сябе, пазбегнуць зняволення. А на плячох тых, хто выехаў, застаецца задача не здавацца, працягваць працу і набліжаць нейкія перамены, хаця, канешне, уплыву на сітуацыю ўнутры Беларусі ў нас не так шмат. Але мы можам звяртацца да тых, хто здольны на гэту сітуацыю ўплываць хоць нейкім чынам.

Падзяліцца: