be
Arrow
Мінск 17:04

Галоўчанка прапанаваў кіраўніку Краснадарскага краю “антысанкцыйныя” мадэлі пасажырскага транспарту

24 лістапада, BPN. Беларусь можа прапанаваць Краснадарскаму краю Расіі “антысанкцыйныя” мадэлі пасажырскага транспарту айчыннай вытворчасці, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 24 лістапада ў Сочы на сустрэчы з губернатарам гэтага суб’екта РФ Веніямінам Кандрацьевым.

“Беларускія аўтобусы добра знаёмыя жыхарам горада-курорта [Сочы], большая іх частка была пастаўлена да Алімпіяды [2014 года]. У хуткім часе, спадзяюся, вы зможаце ацаніць і магчымасці беларускіх тралейбусаў”, — цытуе кіраўніка беларускага ўрада прэс-служба Савета міністраў.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку ў Сочы паставілі беларускі электробус, які прайшоў “прабегавыя і хадавыя выпрабаванні і добра сябе зарэкамендаваў”.

З улікам гэтага досведу, сказаў прэм’ер, улады Беларусі будуць радыя, калі Краснадарскі край выбера беларускіх вытворцаў “для камплектавання транспартнага парка горада электрычным транспартам”.

Галоўчанка падкрэсліў, што “ўсе прапанаваныя мадэлі <…> для Краснадарскага краю з’яўляюцца, як мы кажам, “антысанкцыйнымі”. “Гэта значыць там адсутнічае камплектацыя ад вытворцаў з недружалюбных краін. Таму ніякіх рызыкаў для вытворчай праграмы няма”, — запэўніў кіраўнік беларускага ўрада.

Ён таксама адзначыў, што Беларусі і Краснадарскаму краю “ёсць чым пахваліцца” з пункту гледжання эканамічнага супрацоўніцтва. “Летась мы разам нагандлявалі практычна на 350 мільёнаў долараў. А сёлета за дзевяць месяцаў пераўзышлі гэтую лічбу амаль у паўтара разы. І пойдзем значна глыбей”, — заявіў Галоўчанка.

Адметна, што прэс-служба Саўміна ўдакладніла аб’ём узаемнага гандлю ў 2022 годзе. За дзевяць месяцаў ён вырас не “амаль у паўтара разы” (гэта значыць дасягнуў 525 млн долараў), як сказаў Галоўчанка, а на 10% (і склаў 385 млн).

Падзяліцца: