be
Arrow
Мінск 05:54

Кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы: З пункту гледжання магчымай пагрозы расіян і беларусаў трэба ацэньваць аднолькава

12 студзеня, BPN. З пункту гледжання магчымай пагрозы расіян і беларусаў трэба ацэньваць аднолькава, заявіў кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы Дарус Яўнішкіс у інтэрв’ю парталу навін Delfi.

“Мы разумеем, што сярод беларусаў ёсць і прадстаўнікі апазіцыі, тыя, хто змагаецца за лепшую Беларусь, але ў нас ёсць нямала фактаў, што часам прыязджаюць людзі, завербаваныя беларускім КДБ, — сказаў Яўнішкіс. — Іх не адзін, не два, не тры “Мы павінны зразумець, што ў людзей часам няма выбару. Калі б большай частцы прыязджаючых можна было давяраць, ведаць, што яны прадстаўнікі апазіцыі, але няма ніякай гарантыі, што нехта з іх не працуе на беларускі або расійскі КДБ. Тое ж самае і з грамадзянамі Расіі”.

Яўнішкіс дадаў, што паездкі літоўцаў у Расію і Беларусь уяўляюць небяспеку і для саміх грамадзян, і для дзяржавы: “Беларускі КДБ працуе вельмі інтэнсіўна, як і расійскі [ФСБ] у сябе. Я маю на ўвазе, што людзі, якія перасякаюць мяжу і едуць у гэтыя краіны за танным гаручым, цыгарэтамі ці яшчэ за нечым аўтаматычна аказваюцца ў зоне рызыкі. У нас ёсць факты вярбоўкі людзей, іх пытаюцца, напрыклад, пра палітычную сітуацыю ў Літве, пра іх працу, адукацыю, хто яны. Збіраюць інфармацыю, палохаюць, каб атрымаць інфармацыю”.

Прадстаўнік ведамства падкрэсліў, што літоўцы “не павінны думаць, што яны не ўяўляюць цікавасці для варожых спецслужбаў”: “Усе мы прадстаўляем цікавасць. Кожны чалавек мае некаторую інфармацыю, носіць яе ў сябе ў галаве — ён недзе працуе, у яго ёсць калегі , сябры, блізкія. Усе мы прадстаўляем цікавасць — іх цікавіць любая інфармацыя”.

Паводле слоў кіраўніка ДДБ, “расійскія і беларускія спецслужбы славяцца тым, што падсоўваюць мадэль злачынства і потым абвінавачваюць, гавораць: калі хочаш вярнуцца дадому, а не сядзець у турме 10 гадоў, павінен супрацоўнічаць”.

Улады Літвы неаднаразова заяўлялі, што паездкі ў Беларусь могуць быць небяспечнымі для грамадзян краіны.

Увесну мінулага года Беларусь увяла бязвізавы рэжым уезду для грамадзян Літвы і Латвіі, улетку — для грамадзян Польшчы. 21 снежня бязвіз прадоўжылі на ўвесь 2023 год.

Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, з 15 красавіка 2022-га па бязвізавым рэжыме ў Беларусь уехалі 252.902 грамадзяніны Літвы.

Падзяліцца: