be
Arrow
Мінск 09:02

Заснаваны Радай БНР медаль “Пагоня”, якім пасмяротна ўзнагароджаны Вітольд Ашурак, перададзены яго брату

22 траўня, BPN. Заснаваны летась Радай БНР медаль “Пагоня”, якім пасмяротна ўзнагароджаны палітвязень, актывіст Вітольд Ашурак, перададзены яго брату Андрэю Ашурку.

Адпаведная цырымонія адбылася 20 траўня ў Варшаве падчас вечара памяці Ашурка (загінуў 21 траўня 2021 года ў калоніі пры невысветленых абставінах; гадавіну яго смерці праваабаронцы абвясцілі Днём салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі).

“Ад імя Рады БНР мы ўручаем той медаль, які ёсць медалём нашай вечнасці, надзеі і будучыні”, — заявіў член рады Яўген Вапа.

Паводле яго слоў, “хацелася б, каб гэтыя медалі ўручаліся ў час нашага будавання незалежнасці і беларускай дзяржаўнасці”, добра было б “уручаць іх у кожным куточку і месцы, дзе пражывае вечная і незалежная Беларусь”, “у моманты радасныя”. “Лёс нам выпаў такі, што ўручаем медалі менавіта тады, калі вырашаецца лёс нашага народу і нашай дзяржаўнасці”, — канстатаваў Вапа.

Член Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі дадаў, што медаль быў “нададзены Вітольду Ашурку на знак прызнання заслугаў на ніве змагання за волю Беларусі”.

“Вы ўсе разумееце, што гэта не толькі нашая сямейная трагедыя. Ён нам усім брат. Кожны з нас, калі яны забіваюць некага са змагароў, мы ўсе губляем частку свайго сэрца”, — сказаў Андрэй Ашурак, прымаючы за брата медаль “Пагоня” з першым нумарам.

Непасрэдна ў гадавіну смерці Вітольда Ашурка, 21 траўня, медаль уручылі былой палітзняволенай, журналістцы Дар’і Чульцовай, узнагароды таксама перадалі сваякам і сябрам асуджаных з палітычных матываў: фігуранта справы “Аўтуховіча” Уладзіміра Гундара, грамадскай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк, журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына, а таксама загінулых пратэстоўцаў і актывістаў Мікіты Крыўцова і Рамана Бандарэнкі, беларускага дабраахвотніка, што ваяваў ва Украіне, Эдуарда Лобава.

Паводле слоў члена Рады БНР Алеся Чайцыца, агулам медалём ўзнагароджаныя 37 чалавек. “Сярод узнагароджаных выбітныя беларускія палітычныя вязні, якія адзначыліся стойкасцю і сілай духа. Байцы, якія загінулі на вайне ва Украіне, і гэтую ахвяру яны зрабілі не толькі дзеля Украіны, але і дзеля Беларусі, дзеля яе незалежнасці. А таксама людзі, якія загінулі пад час пратэстаў”, — патлумачыў ён.

Муж Паліны Шарэнда-Панасюк Андрэй Шарэнда, прымаючы медаль за сваю жонку, адзначыў, што палітвязні, верагодна, “адзінае, што аддзяляе сёння сілы цемры, рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі ад канчатковай перамогі”. “Менавіта яны трымаюць гэты невялічкі кавалак зямлі, які можна назваць свабоднай Беларуссю, — сказаў ён. — Яны там у турме больш свабодныя, чым мы зараз. У іх ёсць перакананні, і за гэтыя пераканні яны могуць цярпець і могуць трываць пакуты”.

Ад імя жонкі ён выступіў супраць гандлю палітвязнямі: “Нічога не трэба прасіць, не трэба прагінацца і нельга збочваць з той дарогі, якой мы ідзём. Паліна хоча данесці, што іх свабода будзе толькі разам са свабодай усіх нас, усіх беларусаў”.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла пра заснаванне медаля “Пагоня” ў лістападзе 2022 года. “Гэтым медалём Рада БНР да складання сваіх паўнамоцтваў [перад дэмакратычнай уладай Беларусі] будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларуссю і беларускім народам”, — паведаміла тады старшыня рады Івонка Сурвіла.

Падзяліцца: