Мінск 09:08

Калякін, Бухвостаў і Вазняк ствараюць марксісцкую дэмакратычную партыю

Сяргей Калякін
Фота: spravmir.org

10 снежня, Позірк. 9 снежня ў Мінску сфарміраваны аргкамітэт па стварэнні левай дэмакратычнай партыі, базавай ідэалогіяй якой будзе марксізм.

Як стала вядома Позірку, аргкамітэт узначалілі тры палітыкі: Сяргей Калякін — былы лідар ліквідаванай 29 верасня Вярхоўным судом Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Сяргей Вазняк — экс-сябра цэнтральнага камітэту “Справядлівага свету”, Аляксандр Бухвостаў — былы старшыня ліквідаванай 2 жніўня 2004 года Беларускай партыі працы.

Паводле наяўнай інфармацыі, ключавая задача на цяперашнім этапе — “згуртаванне вакол аргкамітэту аднадумцаў” у кантэксце заканадаўчага патрабавання аб наяўнасці ў партыі не менш за 5 тыс. членаў.

Як раней паведамляў Позірк, члены ліквідаванага “Справядлівага свету” мелі намер стварыць новы палітычны рух, які будзе адстойваць “дэмакратычны і сацыялістычны шлях развіцця дзяржавы і грамадства”.

2 чэрвеня партыя “Справядлівы свет” падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу членаў — з меркаванняў бяспекі, аднак 30 чэрвеня Мінюст ёй у гэтым адмовіў. 26 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць партыю.

Улетку і ўвосень гэтага года былі скасаваныя яшчэ дзесяць палітычных структур: Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”.

У пачатку верасня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістраваная максімальна лаяльная Аляксандру Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

Падзяліцца: