Мінск 07:18

Беларусь зноў пагасіла абавязацельствы па еўрааблігацыях рублямі замест долараў

3 студзеня, Позірк. Міністэрства фінансаў 3 студзеня паведаміла пра выплату працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2027 — у чарговы раз у беларускіх рублях.

Паводле даных прэс-службы ведамства, плацеж у памеры 22,9 млн долараў у эквіваленце праведзены 29 снежня 2023 года. “Сродкі ў поўным аб’ёме” залічаныя на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў “Беларусбанку” ў нацыянальнай валюце.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, паводле якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе рэгулятара на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь пералічвае плацяжы па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”. Плацежнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разлічвацца з інвестарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненні да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам.

Мінфін Беларусі раскрытыкаваў гэтыя рашэнні, але выплаты па валютных абавязацельствах у рублях працягнуліся.

Падзяліцца: