Мінск 09:29

Медыя Plan B. звярнулася да чытачоў з просьбай пра фінансавую падтрымку

Скрыншот: галоўная старонка Plan B.

9 студзеня, Позірк. Рэдакцыя медыя Plan B. звярнулася да чытачоў з просьбай пра фінансавую падтрымку.

“Нам да апошняга не хацелася турбаваць вас, нашых чытачоў. Але сітуацыя складваецца так, што для таго, каб мы працягвалі і ў новым годзе сумленна і прафесійна распавядаць вам пра тое, што адбываецца ў Беларусі, нам вельмі важная ваша фінансавая падтрымка”, — гаворыцца ў звароце.

Ахвочыць аказаць падтрымку рэдакцыя заклікала датрымлівацца мер бяспекі.

24 ліпеня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт сайта planbmedia.io, звязаных з ім старонак у сацыяльных сетках, акаўнтаў у мэсэнджарах і ютуб-канала. Аналагічны статус таксама быў нададзены лагатыпу праекта — надпісу PLAN B белымі літарамі на чорным фоне.

Plan B. — аўтарскае медыя, якое ў чэрвені 2023 года заснавала былая палітзняволеная, экс-рэдактар разгромленага ўладамі партала tut.by Вольга Лойка.

Летась у снежні па фінансавую падтрымку да чытачоў звярнулася рэдакцыя Reform.by. За двое сутак пасля абвяшчэння збору медыя атрымала больш за 17 тыс. еўра ад 280 ахвяравальнікаў, у тым ліку 10 тыс. — ад аднаго чалавека.

21 снежня галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў каментарыі “Позірку” выказаў меркаванне, што спецыфічны падыход еўрапейскіх донараў да пытання падтрымкі СМІ можа прывесці да знішчэння незалежных беларускіх медыяў, якія вымушаны працаваць за межамі краіны.

Падзяліцца: