Мінск 23:36

У філіяле расійскага ўніверсітэта ў Мінску прайшоў “адкрыты дыялог” з апраўданнем вайны супраць Украіны

Выстава ў філіяле РДСУ ў Мінску
Фота: амбасада РФ

26 студзеня, Позірк. Прадпрынятыя Расіяй супраць Украіны дзеянні сталі мерай “самаабароны ад знешняй агрэсіі”, заявіў пасол РФ у Беларусі Барыс Грызлоў.

Яго прывітанне было зачытанае ўдзельнікам “мерапрыемства ў фармаце адкрытага дыялогу” ў філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага універсітэта (РДСУ) у Мінску 26 студзеня, паведамляе дыпмісія.

Там жа адкрылася фотавыстава пра “злачынствы кіеўскага рэжыму”.

Грызлоў лічыць, што “з прыходам да ўлады нацыянал-радыкальных сіл пачалася зваротная справаздача самазнішчэння Украіны як суверэннай дзяржавы і яе ператварэння ў інструмент вядзення вайны супраць Расіі”.

Ён сцвярджае, што дзеянні ўкраінскіх уладаў — гэта “складнік агульнай палітыкі Захаду па нарошчванні пагроз бяспекі Расіі”.

“У сакавіку 2022 года УСУ планавалі захоп Данбаса, — заявіў амбасадар. — Адзіным магчымым рашэннем для Расіі ў сітуацыі, якая існавала, было прызнаць ДНР і ЛНР, а 24 лютага 2022 года пачаць спецыяльную ваенную аперацыю па абароне насельніцтва Данбаса, дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны, а таксама ўстараненню пагроз бяспекі РФ, якія зыходзяць з яе тэрыторыі”.

Ён падкрэсліў, што “абсурдныя спробы нашых злоснікаў выставіць Расію ваяўнічым гегемонам, які прагне далучэння новых тэрыторый, не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю”.

Паводле слоў Грызлова, “бенефіцыярамі гібрыднай вайны, развязанай супраць Расіі”, з’яўляюцца “пастаўшчыкі Кіеву боепрыпасаў, стралковай зброі, цяжкага ўзбраення, ракет”.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел амбасадар па асобых даручэннях МЗС РФ Радзівон Мірошнік, член камітэта Савета Федэрацыі РФ па міжнародных справах Наталля Ніканорава і ўпаўнаважаная па правах чалавека ў т.зв. “данецкай народнай рэспубліцы” Дар’я Марозава.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў “спецыяльнай ваеннай аперацыі”, усяляк падтрымліваючы Расію, але “нікога не забіваючы”. Гэтым тэрмінам расійскае, а ўслед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа, якую РФ пачала 24 лютага 2022 года. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе развязаны Расіяй канфлікт вайной.

Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Дыпмісія РФ у Мінску, а таксама Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва) актыўна прасоўваюць у Беларусі крамлёўскія наратывы, звязаныя з вайной.

Падзяліцца: