Мінск 02:48

Палітвязням ствараюць найгоршыя ўмовы працы — прадстаўнік “Рабочага руху”

Юрый Рававы (крайні злева) на сустрэчы ў Варшаве
Фота: "Позірк"

2 лютага, Позірк. Умовы працы ў папраўчых установах у людзей, асуджаных паводле палітычных матываў, нашмат горшыя, чым у іншых катэгорый зняволеных, паведаміў на сустрэчы з журналістамі у Варшаве 2 лютага прадстаўнік арганізацыі “Рабочы рух” Юры Рававы.

Паводле яго слоў, раней самыя цяжкія ўмовы утрымання ў калоніях былі ў асуджаных паводле наркатычных артыкулаў, з 2020 года такой катэгорыяй сталі палітвязні.

Рававы адзначыў, што сярод іншых абмежаванняў палітзняволеныя не маюць права адмовіцца ад выхаду на працу ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем, ім не выдаюцца індывідуальныя сродкі аховы пры шкодных умовах працы, напрыклад, падчас “спальвання кабеляў ці аўтамабільных пакрышак”, што прыводзіць да значнага пагаршэння стану іх здароўя.

29 студзеня намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка заявіў у інтэрв’ю Польскаму агенцтву прэсы, што ў Беларусі палітвязняў катуюць і прымушаюць да працы за месячны заробак ад 3 цэнтаў да 1,5 долара.

Паводле яго слоў, даход ад гэтай “турэмна-індустрыяльнай дзейнасці” складае сотні мільёнаў долараў у год. Зняволеныя ў Беларусі ў асноўным працуюць на прадпрыемствах дрэва- і металаапрацоўкі, вытворчасці адзення, абутку, мэблі і сельскагаспадарчай прадукцыі.

“Усё гэта пастаўляецца больш чым у 20 краін свету, уключаючы краіны Еўрапейскага саюза. Менавіта таму мы, як АПК, прапанавалі Польшчы і нашым партнёрам у ЕС увесці пакет санкцый на ўсе тавары, якія вырабляюцца ў пенітэнцыярных установах Беларусі”, — падкрэсліў Латушка.

Ініцыятыва “Рабочы рух” узнікла пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года як “аб’яднанне працуючых людзей Беларусі для абароны сваіх грамадзянскіх і працоўных правоў і свабод”.

Члены ініцыятывы патрабавалі спынення гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян, вызвалення ўсіх палітвязняў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля выканання гэтых патрабаванняў яны мелі намер заняцца рэфармаваннем працоўнай сферы на карысць працоўных. 

У верасні 2021 года КДБ прызнаў “Рабочы рух” “экстрэмісцкім фармаваннем”. Ініцыятыва стала першым аб’яднаннем грамадзян, якое надзялілі гэтым статусам.

17 лютага 2023 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў фігурантаў справы “Рабочага руху” Уладзіміра Жураўку і Аляксандра Капшуля да 15 гадоў пазбаўлення волі, Андрэя Пагярылу, Сяргея Шэлеста, Аляксандра Гашнікава — да 14, Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Цярэневіча, Сяргея Шамецьку — да 12, Ганну Аблаб — да 11. 

Згодна з матэрыяламі справы, удзельнікі ініцыятывы “Рабочы рух” ажыццяўлялі “супрацьпраўную дзейнасць па зборы і перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб’ектаў гаспадарання аб спосабах абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах супрацьдзеяння такім спосабам”. 

Генпракуратура сцвярджала, што асобныя фігуранты справы “планавалі варыянты блакіравання вытворчасці на “Гродна Азоце” і Беларускім металургічным заводзе”.

Вярхоўны суд 2 жніўня 2023 года па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі фігурантаў справы “Рабочага руху” пакінуў вынесены ім вырак у сіле.



Падзяліцца: