Мінск 15:25

Стрыжак: У канцы студзеня колькасць зваротаў у BySol аб эвакуацыі вырасла ў тры разы

Андрэй Стрыжак
Архіўнае фота: "Позірк"

9 лютага, Позірк. У перыяд масавых рэйдаў сілавікоў у канцы студзеня колькасць зваротаў у арганізацыю BySol аб эвакуацыі з Беларусі вырасла ў тры разы, паведаміў сузаснавальнік фонду салідарнасці Андрэй Стрыжак на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 9 лютага.

“За той час, які мы абмяркоўваем, у нас былі пікавыя значэнні павышэння колькасці людзей, якія хочуць выехаць, да трох разоў. Гэта значыць, што ўдарылі моцна, ударылі па тых, хто заставаўся ўнутры краіны і мае нейкія падставы для таго, каб баяцца атрымаць не толькі “адміністратыўку”, але і крымінальную справу”, — сказаў ён.

У бліжэйшы час, паведаміў Стрыжак, будуць агучаны некаторыя імёны эвакуіраваных: “Я з палёгкай уздыхнуў, калі даведаўся, што гэтыя людзі ўжо ў бяспечных умовах, не ў Беларусі знаходзіцца”.

Сузаснавальнік BySol заявіў аб высокай якасці пратаколаў бяспекі арганізацыі і абвергнуў заявы аб доступе сілавікоў да баз даных арганізацыі, якія перыядычна гучаць у праўладных крыніцах і дзяржСМІ.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, падчас масавых рэйдаў сілавікоў 23–24 студзеня і ў наступныя дні ў Беларусі было затрымана не менш за 229 чалавек, у тым ліку родныя палітвязняў і былыя палітвязні.

Супраць мінімум 24 з іх узбуджаныя крымінальныя справы, не менш за 43 зведалі пераслед у межах адміністрацыйных працэсаў.

Некаторыя затрыманні звязаныя з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp (“Мне патрэбна дапамога”), які 16 студзеня быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Падзяліцца: