Мінск 01:47

Урад чакае росту ВУП па выніках года на 3,8%

23 кастрычніка, Позірк. З улікам мер па дасягненні мэтавых параметраў урад ацэньвае рост валавога ўнутранага прадукту ў 2023 годзе на ўзроўні 103,8%, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі па разглядзе праектаў законаў “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год” і “Аб змене Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

Таксама, паводле яго слоў, плануецца дасягненне мэтавых параметраў па экспарту тавараў і інвестыцыях, а фактычны рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва чакаецца вышэйшым за прагнозны.

У адпаведнасці з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год рост ВУП запланаваны на ўзроўні 103,8% да ўзроўню 2022 года, рэальных грашовых даходаў насельніцтва — 104,1%, інвестыцый у асноўны капітал — 122,3%, экспарту тавараў і паслуг — 105,5%.

Па выніках дзевяці месяцаў рост ВУП, паводле звестак Белстата, дасягнуў 103,5%, інвестыцый у асноўны капітал — 111,9%. Грашовыя даходы насельніцтва за восем месяцаў склалі 105,1% да аналагічнага леташняга перыяду.

Падзяліцца: