Мінск 12:22

Вадзім Кабанчук: З’явілася інфармацыя, што ў Курскай вобласці задзейнічаныя беларускія спецназаўцы

Вадзім Кабанчук
Фота: "Позірк"

Прызначэнне намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы стала нечаканасцю нават для абазнанай публікі.

Гэтае інтэрв’ю ў фармаце “патроху аб ўсім важным” запісвалася напярэдадні ўчорашняй гучнай заявы Кабанчука пра рост рызыкі ўцягвання беларускіх вайскоўцаў у расійскую агрэсію супраць Украіны на фоне поспехаў украінскай арміі на тэрыторыі РФ. Каліновец заклікаў іх здавацца ў палон, калі яны ўсё ж такі будуць накіраваныя на фронт. Паводле слоў прадстаўніка кабінета, зараз правяраецца інфармацыя, якая “пакажа, ці задзейнічаныя пэўныя сілы з боку афіцыйнага Мінска ў Курскай вобласці”.

“Позірк” ізноў звязаўся з Кабанчуком, каб удакладніць дэталі, і публікуе гутарку з ім, пачынаючы з адказу на пытанне пра ўчорашні выступ.

“Некаторыя крыніцы паведамляюць ужо пра загіблых беларусаў”

— Якія настроі, паводле вашых звестак, пануюць у беларускім войску, і ці не могуць насамрэч беларускія вайскоўцы дзейнічаць супраць УСУ, так бы мовіць, пад чужым — расійскім — сцягам, каб Мінск не абвінавацілі ў прамым удзеле ў вайне, бо гэта прывядзе да яшчэ больш жорсткіх санкцый?

— На сённяшні дзень з’явілася інфармацыя, што ў Курскай вобласці задзейнічаныя беларускія спецназаўцы. Зараз гэтая інфармацыя правяраецца. Некаторыя крыніцы паведамляюць ужо пра загіблых беларусаў. Але гэтую інфармацыю можна будзе лічыць сапраўднай, толькі калі будуць доказы ў выглядзе палонных або цел загіблых. Таму мы не можам сцвярджаць на 100%, што гэта так.

У логіцы развіцця сённяшніх падзей зразумела, што Пуцін будзе патрабаваць ад Лукашэнкі большага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Той да пары да часу ад яго спрабаваў адкупацца то боепрыпасамі, то вайсковай тэхнікай, але гэтыя рэсурсы таксама вычэрпваюцца. Ёсць вялікая небяспека, што ў вір вайны будуць зацягнутыя беларускія ўзброеныя сілы. З гэтай нагоды я і запісаў зварот. Мы адсочваем сітуацыю.

Вайскоўцы Беларусі атрымалі папярэджанне. Ніхто не будзе фільтраваць, рускія яны ці беларусы. Калі ідзе бой, ужо не да гэтага.

Наконт санкцый. Мяркую, што ўжо не час казаць пра іх. А час казаць пра тое, што афіцыйны Мінск проста атрымае вайсковы адказ з боку Украіны. Таму што толькі добрая воля ўкраінцаў выратавала ад гэтага адказу ў 2022 годзе. Зараз у Украіны якасна іншая армія і іншыя магчымасці.

“Нас запрашалі ў кабінет ад самага пачатку яго стварэння”

— Гледзячы звонку, вашае прызначэнне у кабінет было трохі нечаканым, бо не заўсёды стасункі паміж палком і АПК былі цеснымі. Наколькі для вас асабіста быў чаканым, планаваным такі пераход?

— Насамрэч нас запрашалі ў кабінет ад самага пачатку яго стварэння ў 2022 годзе, але тады было прынятае рашэнне, што мы пакуль не ўводзім свайго прадстаўніка. На маю думку, мы ў нечым страцілі, таму што можна было пры дапамозе магчымасцяў кабінета ўсё ж такі наладзіць большую супрацу. У першую чаргу гэта падтрымка палка Каліноўскага, беларускіх добраахвотнікаў. Таму для мяне гэта не было нечаканасцю, і я спадзяюся, што зараз усё пойдзе ў нармальным, канструктыўным рэчышчы. А наконт таго, што нібыта былі напружаныя адносіны… У нас яны былі працоўныя, проста мы лічылі, што трэба рабіць акцэнт больш на Украіне, на нашых добраахвотніках, што трэба гэта рабіць больш інтэнсіўна. Да нас даходзіла дапамога, у тым ліку праз кабінет, у выглядзе аўтамабіляў, было некалькі новых пазашляхавікоў, дасылалі таксама экіпіроўку.

Таму нейкая супраца была. Мы ўдзячныя за любую дапамогу. Я лічу, што трэба карыстацца ўсімі магчымасцямі, бо зараз гарыць хата ў суседа і мы мусім дапамагаць яму тушыць гэты пажар.

— Ці чыталі вы каментар палітолага Паўла Усава, які заявіў, што “прыход В.Кабанчука ў АПК нічым добрым ні для Кабанчука, ні для палка ім. Каліноўскага не скончыцца“, і аргументаваў сваю пазіцыю пяццю пунктамі?

— Шчыра кажучы, я не прачытаў увесь ягоны артыкул, толькі нейкую частку, у мяне не было часу. Павел мае сваё меркаванне, гэта яго права. У мяне іншае меркаванне. Даваць зараз нейкія ацэнкі… Няхай пройдзе хаця б некалькі месяцаў, і тады будзе зразумела, хто меў рацыю.

“У першую чаргу — дапамога добраахвотнікам ва Украіне”

Вашыя першачарговыя задачы ў АПК з тых, пра якія можна казаць публічна?

— У прынцыпе, я пра гэта сказаў на канферэнцыі ў Вільні. Гэта ў першую чаргу дапамога добраахвотнікам ва Украіне. Там канкрэтна былі названыя рэсурсы, праз якія можна гэта рабіць. Карыстаючыся магчымасцю, зараз магу сказаць: праз сайт kalinouski.org, там ёсць спасылкі, калі ласка, хто можа, дапамагайце. З Беларусі, канешне, лепей гэтага не рабіць, таму што досыць небяспечна.

На сённяшні час ужо пачалі рэалізоўвацца некалькі праектаў. Адзін з іх — па навучанні добраахвотнікаў ва Украіне. Мы спадзяемся, што зараз я павярнуся ва Украіну, там абмяркуем з камандай і ўкраінскімі партнёрамі, структурамі некалькі прапаноў і высветлім, наколькі можна іх рэалізаваць і за які час. Тады я гэта агучу.

У палку вы цяпер у якой ролі?

— Я не выйшаў з палка, знаходжуся ў рэзерве. Полк Каліноўскага — гэта беларускі вайскова-цывільны праект, і рашэнне выйсці або зайсці прымаюць самі беларусы, таксама як і рашэнне пра існаванне самога палка. Каб было больш зразумела для вашых чытачоў: у палку ёсць баявая частка ва Украіне, на кантракце ва Узброеных сілах Украіны, яна ваюе. Другая частка — гэта рэзерв, хлопцы, якія служылі ці знаходзяцца ў адпачынку або на лячэнні. І ёсць яшчэ частка палка, якая ніколі не была на кантракце і не будзе. Напрыклад, “кіберпартызаны“. Але яны актыўна ўдзельнічаюць у жыцці палка.

Ці змяняюць сітуацыю для палка апошнія падзеі, а менавіта ўступленне УСУ ў Курскую вобласць? Ці будуць карэктавацца статус, задачы? Пішуць, што ў аперацыі бяруць удзел і замежныя добраахвотнікі.

— Полк Каліноўскага на сённяшні час знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў. Не магу канкрэтна называць месцы. Безумоўна, гэта поспех на курскім накірунку. Я спадзяюся, што там яшчэ будзе развіццё сітуацыі на карысць саюзніцкіх сіл. Тое, што ўкраінцам, або, як кажуць, саюзніцкім сілам, удалося дамагчыся такога поспеху, тое, што УСУ выкарыстоўвае новую тактыку, свае магчымасці па выведцы, па вядзенні мабільнай вайны — гэта, безумоўна, перавага над тымі расійскімі войскамі, якія намагаліся ўтрымліваць кардон.

“Прыбралі некалькі чалавек, якія паблыталі народны праект са сваёй прыватнай вайсковай кампаніяй”

— Апошнія месяцы было шмат спекуляцый, што ў палку нейкія спрэчкі, высвятленне адносін. Некаторых гэта ўводзіць у дэпрэсію, маўляў, нават полк, нават вайсковая структура мае праблемы. Якая сітуацыя цяпер? Ці ёсць што сказаць песімістам?

— Песімістам скажу: збірайце рэчы, прыязджайце ва Украіну, далучайцеся, і тады вам стане больш весела. Гэта, канешне, можа быць жарт. Але насамрэч далучайцеся хаця б да інфармацыйнай падтрымкі, матэрыяльна-тэхнічнай, яна заўсёды патрэбная. Таму што вайна — гэта такая чорная дзірка, якая засмоктвае рэсурсы.

На самой справе полк Каліноўскага — добраахвотніцкая структура, дзе кожны добраахвотнік — гэта асоба, са сваім меркаваннем. І яшчэ паводле ўкраінскага заканадаўства мы там у такім статусе, што амаль усе роўныя паміж сабой, таму што грамадзянін Беларусі не можа быць афіцэрам украінскай арміі, хаця ў нас у палку і ёсць шмат афіцэраў, якія служылі ў сілавых структурах ці былі ў Беларусі афіцэрамі запасу.

Ведаеце, ёсць мінусы і плюсы добраахвотніцкага руху. Любы чалавек, маючы пад рукой “Фэйсбук” ці нейкі ютуб-канал, можа выказваць сваё меркаванне. У прынцыпе, гэта і робяць. Гэта адбывалася і ва ўкраінскіх добраахвотніцкіх падраздзяленнях, і адбываецца ў нас, мы тут ніякае не выключэнне.

На сённяшні час з палком усё добра, колькасць жаўнераў не змяняецца, колькі было, столькі і застаецца. Проста ёсць жаўнеры з адным меркаваннем наконт падзей, ёсць з іншым. Калі гэта вырываецца ў інфармацыйную прастору, я б папрасіў чытачоў не ўпадаць у дэпрэсію, не рабіць паспешлівых высноў, што палка ўжо няма, усё развалілася.

А яшчэ ідуць працэсы аб’ектыўныя, паляпшэнне жыцця палка, таму што там прыбралі некалькі чалавек, якія проста паблыталі беларускі народны праект “Полк Каліноўскага” са сваёй прыватнай вайсковай кампаніяй. Таму іх адсунулі зараз ад спраў, і палкавое жыццё будзе толькі наладжвацца.

24 ліпеня было абвешчана пра стварэнне грамадскага руху “Каліноўцы”. Вы тады сказалі, што яго галоўная місія — супрацьстаянне расійскай агрэсіі ва Украіне і “наступнае вызваленне Беларусі ад калабарацыянісцкага рэжыму Лукашэнкі”. Давайце ўдакладнім сістэму каардынат руху “тут і зараз”.

— Рух “Каліноўцы” — гэта лагічны працяг развіцця палкавой гісторыі. Гэта тое, пра што мы казалі на канферэнцыі ў лістападзе 2023 года: фактар беларускіх добраахвотнікаў стаў не толькі фактарам вайсковага жыцця, вайсковых падзей, але гэта ўжо грамадска-палітычны фактар. Апошнія выбары ў Каардынацыйную раду паказалі: нават нягледзячы на тое, што шэраг нашых хлопцаў і дзяўчат удзельнічалі, хацелі зайсці у КР, але яны зняліся з выбараў, каб не ўступаць у прававую калізію з украінскім заканадаўствам — усё роўна у КР з рознымі фракцыямі прайшло 10% нашых былых добраахвотнікаў, якія дзеля ўдзелу ў выбарах звольніліся з палка (сам Кабанчук узначальваў групу “Воля”, аднак зняў сваю кандыдатуру. — “Позірк”.).

Рух “Каліноўцы” — гэта новыя магчымасці рэалізацыі нашай стратэгіі, якая ў рэшце рэшт скіраваная на стварэнне умоваў для вызвалення Беларусі. Зараз рух дае нам магчымасць на грамадзкім узроўні выходзіць на партнёраў як унутры Украіны, так і па-за межамі яе, заключаць дамовы, таму што з вайсковым юнітам, вы разумееце, ёсць абмежаванні, і вайсковыя юніты, як правіла, маюць права мець адносіны толькі з вайсковымі структурамі. Менавіта з гэтай нагоды рух “Каліноўцы” і быў створаны, і туды будуць уваходзіць людзі, якія ўжо даўно былі ў арбіце палка, будуць далучацца новыя людзі: валанцёры, тыя, хто нам данаціў, тыя, хто проста падзяляе нашу місію па абароне Украіны і потым — аднаўлення незалежнасці Беларусі.

“Трэба знаходзіць механізмы, каб ліквідаваць саму прычыну гэтых рэпрэсій”

— Ціханоўская, калі прадстаўляла вас на канферэнцыі, сказала: “Спадар Кабанчук выдатна праявіў сябе ў палку Кастуся Каліноўскага, дзе абараняў гонар Беларусі. Ён мае досвед і аўтарытэт сярод вайскоўцаў і добрыя стасункі з Украінай”. Што яна вам гаварыла ў асабістай размове?

— У нас была размова па справах. Святлана запытвалася, як я бачу сваю дзейнасць, як развіваць гэты накірунак. Нейкіх такіх узаемных дыфірамбаў не было. Для яе гэта, наколькі я разумею, такая місія, яна цягне на сабе гэты абавязак. Звычайная беларуская жанчына, якая трапіла ў незвычайныя ўмовы. Зараз можна казаць пра нейкую ролю асобы ў гісторыі. Для мяне гэта таксама выключна тэхнічная магчымасць, каб можна было павялічыць функцыянал па дапамозе добраахвотнікам і наогул усяго, што звязана з тэмай абароны і нацыянальнай бяспекі. У нас цэлы сектар, які мы мусім напоўніць зместам. Таму што, нагадаю, гэтая пасада і сам кабінет былі створаныя ў адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны.

Як гарантаваць у Беларусі бяспеку блізкіх, сваякоў тых, хто ваюе на баку Украіны? Што рабіць, калі іх цягаюць на допыты, арыштоўваюць? Як можна гэтага пазбягаць або мінімізаваць?

— Гэта вельмі адчувальнае пытанне. Я не магу шмат спасылацца на закрытыя крыніцы. У першую чаргу ўсе людзі павінны разумець, што сучасныя сродкі камунікацыі не даюць 100-адсоткавай гарантыі бяспекі. Трэба дбаць перадусім пра бяспеку ў інтэрнэце, калі чалавек падтрымлівае там сувязь са сваякамі. Наогул трэба быць асцярожным у прыватных размовах.

У нашым палку, калі заходзяць новыя рэкруты, яны адразу атрымліваюць пазыўныя і падпісваюць правілы, што ім забаронена, напрыклад, запытваць інфармацыю прыватнага характару пра іншых байцоў. Нават запытвацца, калі сам чалавек табе не гаворыць, пра яго сапраўднае імя і прозвішча, яго гісторыю з Беларуссю. Таму што гэта ўсё можа потым быць выкарыстана супраць гэтага чалавека.

А наконт таго, што рэжым узмацняе рэпрэсіі, дык не толькі ж у адносінах да палка Каліноўскага, а да ўсяго незалежніцкага грамадскага сектара. Тут трэба знаходзіць механізмы, каб ліквідаваць саму прычыну гэтых рэпрэсій. Таму што цяпер ідуць размовы пра вызваленне палітвязняў, некаторых вызваляюць, але ж ніхто не гарантуе, што рэжым не набярэ новых. На маю думку, трэба змагацца з прычынай, а не з яе наступствамі. Прычына — гэта рэжым Лукашэнкі.

У нас ёсць насамрэч інструменты, якія можна ўключаць больш рашуча. І адзін з іх — проста блакада гэтага рэжыму. Эканамічная ў першую чаргу — тое, што яны баяцца. Бо праз Беларусь ідуць гэтыя гандлёвыя шляхі, у тым ліку буйных краін, такіх як Кітай, якія будуць, скажам мякка, незадаволеныя перакрыццем лагістыкі з Беларусі ў Еўропу.

І пытанне на фоне нядаўняга вялікага абмену паміж ЗША, Германіяй, Расіяй з удзелам Беларусі. Колькі вашых людзей трэба вызваліць з расійскага палону? Ці могуць быць іншыя варыянты, каналы, акрамя наўпроставага абмену палоннымі? І ці ёсць інфармацыя пра іх стан?

— Той вялікі абмен, натуральна, гэта іншы ўзровень, ён адбываўся ў закрытым фармаце, грамадства даведалася пра гэта, калі працэс ужо быў завершаны. Наконт нашых. Двое хлопцаў у палоне з лета 2022 года. На жаль, амаль няма інфармацыі, што з імі, але мы пра іх памятаем увесь час, робім намаганні, каб усё ж такі іх лёс быў на кантролі. Я больш проста не магу казаць, таму што гэта адчувальная інфармацыя.

Падзяліцца: