Мінск 08:39

У Вільнюсе абстраляны вокны будынка, дзе размяшчаецца беларуская праваслаўная парафія Канстанцінопальскага патрыярхата

5 верасня, Позірк. У ноч на 4 верасня невядомыя абстралялі з пнеўматычнай зброі памяшканне, дзе праводзіць службы беларускі прыход Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільнюсе, паведамляе ініцыятыва “Хрысціянская візія”.

Парафіяльны дом знаходзіцца на вул. Bokšto.

У будынку пашкоджана шкло. Паліцыя праводзіць расследаванне, зазначае ініцыятыва.

На думку арганізацыі, гэты інцыдэнт “упісваецца ў шэраг нядаўніх правакацый, накіраваных супраць беларускай палітычнай эміграцыі і меркавана звязаных са спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі”.

Святар парафіі Аляксандр Кухта ў сваім тэлеграм-канале адзначае, што заява ў паліцыю на дадзены момант пададзена: “Галоўная версія, якой прытрымліваецца і беларуская дыяспара ў Літве, і большасць літоўскага грамадства, і якая пацвярджаецца мноствам ускосных прыкметаў — гэта правакацыі беларускага КДБ, якое хоча запалохаць мясцовых беларусаў і пасварыць нас з літоўцамі. Але як яно насамрэч, разбіраецца паліцыя”.

Паводле яго слоў, прыход “збірае грошы на новае акно”.

Раней “Позірк” паведамляў, што невядомыя выбілі шкло ў вокнах размешчанага ў літоўскай сталіцы Цэнтра беларускай культуры і абшчыны.

У ноч на 28 ліпеня на будынку беларускай крамы сувеніраў “Кропка” ў Вільнюсе невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “Вяртайцеся дадому, беларускія свінні” і таксама разбілі акно.

20 сакавіка літоўская паліцыя пачала расследаванне па факце выяўлення на дарожным паказальніку ля ўезду ў Вільнюс на Мінскай шашы “надпісаў на кірыліцы з выявай беларускага гістарычнага сцяга”.

На фатаграфіі, апублікаваным tv3.lt, быў бачны надпіс “Вільня наша” побач з выявай бел-чырвона-белага сцяга.

Падзяліцца: