Мінск 14:50

Ля шэлтара “Замак” у Вільнюсе невядомыя пакінулі антыбеларускі надпіс

Фота: тэлеграм-канал "Дапамогі"

5 верасня, Позірк. Антыбеларускі надпіс з’явіўся 5 верасня прыкладна ў 0:50 каля вільнюскага шэлтара “Замак”, які належыць зарэгістраванай у Літве беларускай арганізацыі “Дапамога”.

Згодна з інфармацыяй, апублікаванай ў тэлеграм-канале арганізацыі, якая займаецца дапамогай беларусам — вымушаным эмігрантам, на асфальце ля ўезду ў будынак было напісана чырвонай фарбай “Baltarusų parazitams čia ne vieta” (прыкл. пер. “Беларусам паразітам тут ня месца”).

“Мы лічым, што пакінуты ля Замку Dapamoga надпіс — правакацыя беларускіх спецслужбаў”, — адзначыла арганізацыя.

Пасля агляду месца здарэння паліцыяй надпіс зафарбавалі.

У ноч на 4 верасня невядомыя абстралялі з пнеўматычнай зброі памяшканне, дзе праводзіць службы беларускі прыход Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільнюсе. Парафіяльны дом знаходзіцца на вул. Бокшта ў гістарычным цэнтры літоўскай сталіцы. У будынку пашкоджана шкло. Паліцыя праводзіць расследаванне.

У той жа дзень невядомыя разбілі шыбы ў вокнах размешчанага ў Вільнюсе Цэнтра беларускай культуры і супольнасці.

У ноч на 28 ліпеня на будынку беларускай крамы сувеніраў “Кропка” ў Вільнюсе невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “Вяртайцеся дадому, беларускія свінні” і таксама разбілі шкло.

20 сакавіка літоўская паліцыя пачала расследаванне па факце выяўлення на дарожным паказальніку ля ўезду ў Вільнюс на Мінскай шашы “надпісаў на кірыліцы з выявай беларускага гістарычнага сцяга”.

Падзяліцца: