Мінск 08:32

МЗС Літвы асудзіў “акты вандалізму” ў дачыненні да беларускай абшчыны, учыненыя “па сцэнары КДБ”

Вільнюс
Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

5 верасня, Позірк. Аб рашучым асуджэнні “актаў вандалізму” ў дачыненні да беларускай абшчыны, учыненых “паводле сцэнару КДБ”, заявіла 5 верасня Міністэрства замежных спраў Літвы.

Падкрэсліваецца, што афіцыйны Вільнюс “усім сэрцам падтрымлівае свабодалюбных людзей, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь і сваю еўрапейскую будучыню”.

Знешнепалітычнае ведамства запэўніла, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

У ноч на 4 верасня невядомыя абстралялі з пнеўматычнай зброі памяшканне, дзе праводзіць службы беларускі прыход Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільнюсе. У будынку пашкоджана шкло.

Канстанцінопальская праваслаўная царква апавешчаная пра інцыдэнт, паведаміў “Позірку” служачы там святар Георгій Рой.

Раней невядомыя разбілі шыбы ў вокнах размешчанага ў літоўскай сталіцы Цэнтра беларускай культуры і абшчыны.

У ноч на 28 ліпеня на будынку беларускай крамы сувеніраў “Кропка” ў Вільнюсе невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “вяртайцеся дадому, Беларускія свінні” і разбілі акно.

20 сакавіка літоўская паліцыя пачала расследаванне па факце выяўлення на дарожным паказальніку ля ўезду ў Вільнюсе на Мінскай шашы “надпісаў на кірыліцы з выявай беларускага Гістарычнага сцяга”.

На фатаграфіі, апублікаванай tv3.lt, быў бачны надпіс” Вільня наша ” побач з выявай бел-чырвона-белага сцяга.

Падзяліцца: