Мінск 23:35

У Гомельскай і Магілёўскай абласцях захоўваецца надзвычайная пажаранебяспека, у Мінску — смог

Фота: Onliner.by

8 верасня, Позірк. На большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека, вынікае з паведамлення Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС.

На працягу сутак з 6 гадзін 7 верасня ліквідаваны тры лясныя пажары на агульнай плошчы 3,35 га на тэрыторыі Лельчыцкага і Жыткавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці (тэхніка МНС тушэнне пажару не ажыццяўляла), адзін тарфяны пажар на плошчы 0,0075 га на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна і 17 пажараў травы і кустоўя на агульнай плошчы 6,705 га на тэрыторыі Брагінскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Жыткавіцкага, Жлобінскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага і Светлагорскага раёнаў.

Раней МНС Беларусі аб’явіла максімальны ўзровень пажарнай небяспекі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях — спачатку на 7–9 верасня, а затым і на 10 верасня — і папярэдзіла аб магчымасці ўзнікнення пажараў у прыродных экасістэмах.

Дымка і пах у Гомельскай вобласці ўзніклі ў выніку ўзгарання тарфянікаў і “гаспадарчай дзейнасці насельніцтва ва ўмовах зацішнага надвор’я і адсутнасці рассейвання ў атмасферы”, заявіла напярэдадні абласное ўпраўленне МНС.

Сутамі раней у рэгіёне было ліквідавана пяць лясных і адзінаццаць пажараў травы і кустоў.

Тым часам, змог і пах гару 8 верасня назіраецца ў Мінску, паведамляе “Анлайнер”.

Нацыянальны цэнтр кіравання крызіснымі сітуацыямі Літвы ўвечары 7 верасня папярэдзіў, што тарфяныя і лясныя пажары ў Беларусі выклікалі пах гару і забруджванне паветра ў краіне.

Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя Літвы паведаміла, што забруджванне паветра ў краіне 7–8 верасня, паводле звестак маніторынгу, будзе павышаным, канцэнтрацыя цвёрдых часціц (PM10) павялічана ў многіх раёнах.

Падзяліцца: