Мінск 20:37

Беларусы ў Грузіі арганізавалі пікет ля будынка ўрада ў сувязі з дэпартацыяй Андрэя Мялешкі

16 верасня, Позірк. У сувязі з дэпартацыяй з Грузіі беларускага журналіста Андрэя Мялешкі беларусы, якія жывуць у Тбілісі, арганізавалі пікет ля будынка ўрада краіны.

Як адзначылі ў каментары “Позірку” яго ўдзельнікі праваабаронца Раман Кісляк і сябра Каардынацыйнай рады Марына Зялёная, якім улады Грузіі нядаўна адмовілі ў міжнароднай абароне, грузінская паліцыя паводзіць сябе карэктна, правядзенню акцыі не перашкаджае.

Паводле Кісляка, у нейкі момант да ўдзельнікаў пікету падышоў мужчына з дзіцем, пачаў спрачацца з імі, а потым вырваў у аднаго з удзельнікаў і кінуў на зямлю бел-чырвона-белы сцяг і пачаў сыходзіць. Яго спыніла паліцыя, па факце нападу, як запэўнівае праваабаронца, будзе складзены пратакол.

16 верасня журналісту, які вяртаўся з дачкой з Польшчы ў Грузію, дзе жыве пасля ад’езду з Беларусі з палітычных прычынаў, забаранілі ўезд у краіну.

Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што разам з Мялешкам з Грузіі дэпартуюць яго непаўналетнюю дачку. Жонцы журналіста, якая прыехала ў Кутаісі з Батумі, дзіця не аддалі.

Дадзеную інфармацыю пацвердзіў “Позірку” кіраўнік беларускай дыяспары Аджарыі (рэгіён Грузіі, цэнтрам якога з’яўляецца Батумі) Аляксей Балашоў, які таксама прыбыў у Кутаісі.

Паводле інфармацыі Мялешкі, першапачаткова дачка прайшла пашпартны кантроль на ўездзе ў Грузію, але потым яе пашпарт забралі разам з бацькоўскім. Дзяўчынка цяжка перажывае сітуацыю, з ночы не было магчымасці яе пакарміць, зазначыў ён. Яна разам з бацькам мусіць вылецець у Польшчу.

У Батумі ў Мялешкі жонка і яшчэ адно дзіця.

Рэйс з Кутаісі ў Варшаву мусіў вылецець у 15.40 мясцовага часу, аднак, паводле інфармацыі сістэмы flightradar, вылет затрыманы да 16.35.

Падзяліцца: