Мінск 20:26

Разам з журналістам Мялешкам з Грузіі дэпартуюць яго непаўналетнюю дачку — БАЖ

16 верасня, Позірк. Разам з Андрэем Мялешкам з Грузіі дэпартуюць яго непаўналетнюю дачку, жонцы журналіста, якая прыехала ў Кутаісі з Батумі, дзіця не аддалі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле слоў Мялешкі, першапачаткова дачка прайшла пашпартны кантроль на ўездзе ў Грузію, але потым яе пашпарт забралі разам з бацькоўскім. Дзяўчынка цяжка перажывае сітуацыю, з ночы не было магчымасці яе пакарміць, адзначыў ён. Яна разам з бацькам мусіць вылецець у Польшчу.

Раней журналісту, які вяртаўся з дачкой з Польшчы ў Грузію, дзе жыве пасля ад’езду з Беларусі з палітычных прычын, забаранілі ўезд у краіну.

“Мяне дэпартуюць на самалёце ў Польшчу. На бліжэйшым рэйсе, які будзе. Я так разумею, на тым, які будзе вылятаць назад з Кутаісі ў Варшаву”, — адзначыў Мялешка. Журналісту выдалі дакумент, паводле якога яго дэпартуюць на падставе “іншых прычынах”.

Мужчына паведамляў, што яго з дачкой “закрылі ў пакоі, забралі пашпарты”. “Пашпарты аддадуць тады, калі паедзем у Польшчу. Больш нічога не кажуць”, — сказаў журналіст.

Мялешка паспрабаваў звярнуцца па міжнародную абарону ў Грузіі, але “няма ніякай магчымасці зрабіць гэта без пашпартоў”.

У Батумі ў Мялешкі знаходзяцца жонка і яшчэ адно дзіця.

Гл. таксама:

Праваабаронца Кісляк абскардзіў у грузінскім судзе адмову ў наданні прытулку

Падзяліцца: