Мінск 00:23

Праваабаронцы перадалі ў беларускую амбасаду ў Бруселі больш за 82 тыс. подпісаў за вызваленне Бяляцкага

Крыніца: старонка Леаніда Судаленкі ў "Фэйсбуку"

25 верасня, Позірк. Праваабаронцы нямецка-швейцарскай арганізацыі Libereco правялі пікет каля амбасады Беларусі ў Брусэлі (Бельгія) і перадалі туды петыцыю з патрабаваннем вызвалення заснавальніка “Вясны” Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

Пікет быў прымеркаваны да дня нараджэння Бяляцкага, якому 25 верасня споўнілася 62 гады.

Як паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” праваабаронца Леанід Судаленка, подпісы пад згаданай петыцыяй паставіў 82.281 чалавек з 80 краін свету.

У сакавіку 2023 года Libereco заклікала падпісваць петыцыю за вызваленне Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязняў.

Libereco — Partnership for Human Rights з’яўляецца незалежнай няўрадавай арганізацыяй, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі і Украіне (створаная ў 2009 годзе). Як адзначаецца на яе сайце, для дасягнення сваіх мэтаў яна “супрацоўнічае з беларускімі і ўкраінскімі арганізацыямі і ініцыятывамі, а таксама з людзьмі на месцах”. Толькі на працягу 2023 года каманда Libereco правяла 17 дэманстрацый у розных краінах, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч знаходзяцца ў няволі з 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023-га яны былі асуджаныя ў рамках палітычна матываванай справы на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Праваабаронца Зміцер Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.

У 2022 годзе Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру (разам з украінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод і расійскім таварыствам “Мемарыял”). 10 снежня ў Осла прэмія была ўручаная ягонай жонцы Наталлі Пінчук.

24 верасня, напярэдадні дня нараджэння Бяляцкага, прадстаўнікі Нарвежскага Нобелеўскага камітэта па выніках сустрэчы з яго жонкай запатрабавалі “неадкладнага вызвалення” праваабаронцы.

Падзяліцца: