Мінск 08:52

Ціханоўская абмеркавала з намеснікам дзяржсакратара ЗША шляхі вызвалення палітвязняў

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

27 верасня, Позірк. Шляхі вызвалення палітвязняў у Беларусі, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў гуманітарным спісе, абмеркавала на сустрэчы з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША Куртам Кэмпбэлам у Вашынгтоне дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, на перамовах таксама былі ўзнятыя тэмы падтрымкі рэпрэсаваных, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, у тым ліку фінансавай.

Бакі абмеркавалі падтрымку ініцыятыў па ўмацаванні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці; працяг Стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмсіламі Беларусі; пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны; закрыццё пралазаў у санкцыях; прыцягненне да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях; усталяванне палітычных і дыпламатычных кантактаў з трэцімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

“Гэта была практычная сустрэча, — заявіла Ціханоўская. — Перш за ўсё, мы абмеркавалі крокі па вызваленні палітвязняў і спыненні рэпрэсій. Я рада, што нашае бачанне сітуацыі супадае, і што гэтае пытанне застаецца прыярытэтным для ЗША. Немалаважна і тое, што ідэі і праекты, якія мы абмяркоўвалі падчас Стратэгічнага дыялогу, пачынаюць рэалізоўвацца. Я дзякую Злучаным Штатам за іх паслядоўную пазіцыю, салідарнасць і падтрымку”.

12 верасня Ціханоўская ўжо сустракалася з Кэмпбэлам у Вільнюсе. Намеснік дзяржсакратара ЗША запэўніў, што Вашынгтон працягне падтрымліваць беларускі народ і дэмакратычную супольнасць.

Падзяліцца: