Мінск 16:27

Беларусь і Ірак могуць стаць “надзейнымі партнёрамі” ў вырашэнні праблем сваіх рэгіёнаў, лічыць Лукашэнка

Скрыншот: сэрвіс Google Maps

3 кастрычніка, Позірк. “Сучасныя ўмовы адкрываюць новыя гарызонты для паглыблення супрацы” Мінска і Багдада, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 кастрычніка іракскага прэзідэнта Абдула Латыфа Рашыда і народ краіны з Днём незалежнасці.

“Беларусь і Ірак могуць стаць надзейнымі партнёрамі ў вырашэнні існых праблем, умацаванні стабільнасці і садзейнічанні міру ў нашых рэгіёнах”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

На думку Лукашэнкі, свята, якое адзначаюць 3 кастрычніка ў гэтай дзяржаве на Блізкім Усходзе, з’яўляецца “напамінам пра мужнасць і адвагу, праяўленыя іракскім народам у барацьбе за сваю незалежнасць, сімвалам надзеі і веры ў лепшую будучыню”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Іракам усталяваныя ў снежні 1996 года. У Мінску маецца іракская амбасада, у Багдадзе беларускай няма. У лістападзе 2021 года, падчас вострай фазы міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС, Міністэрства замежных спраў Ірака вырашыла закрыць ганаровыя консульствы Беларусі ў Багдадзе і Эрбіле.

Паводле звестак Абсерваторыі эканамічнай складанасці, якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, тавараабарот паміж Мінскам і Багдадам у 2021 годзе склаў каля 40,5 млн долараў (беларускі экспарт — 3,4 млн, іракскія пастаўкі — 37,1 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: