Мінск 05:32

Генпракурор Швед падняў у Арменіі пытанне выдачы беларусаў па крымінальных справах

Фота: Генпракуратура

3 кастрычніка, Позірк. Пытанне выдачы ў Беларусь суграмадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах, падняў у Ерэване генеральны пракурор Андрэй Швед на сустрэчы з армянскай калегай Ганнай Вардапецян, паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Падкрэсліваецца, што бакі “абмеркавалі пытанні аказання ўзаемнай прававой дапамогі па крымінальных справах”. Швед і Вардапецян таксама абмяняліся вопытам “арганізацыі пракурорскага нагляду ў асобных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы на карысць абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян”.

Генпракуратура Арменіі ў сваім паведамленні аб візіце Шведа абмеркаванне пытання выдачы асоб не згадала.

“Ганна Вардапецян і Андрэй Швед абмеркавалі шэраг пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, — гаворыцца ў рэлізе.

У армянскім наглядным ведамстве таксама адзначылі, што беларуская дэлегацыя прыбыла ў Ерэван для ўдзелу ў 34-м пасяджэнні Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў краін СНД. У парадак дня пасяджэння ўключаныя пытанні стану злачыннасці ў дзяржавах СНД, прававое супрацоўніцтва ў барацьбе са злачыннасцю, барацьба з карупцыяй, забеспячэнне вяршэнства закона і інш.

У 2024 годзе Арменія некалькі разоў адмовілася выдаваць людзей на запыт беларускага боку.

2 верасня грамадзянка Беларусі Дзіяна Майсеенка была затрыманая пры перасячэнні мяжы паміж Грузіяй і Арменіяй. Беларускія ўлады абвясцілі Майсеенку ў вышук як абвінавачаную паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Беларуску некалькі гадзін пратрымалі ў аддзяленні паліцыі, а потым адпусцілі без якіх-небудзь прэтэнзій.

2 лютага пры перасячэнні гэтай жа мяжы быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў. Беларускія ўлады абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Новікаў быў змешчаны пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, аднак ён звярнуўся па палітычны прытулак. У траўні Новікаву быў нададзены статус уцекача ў гэтай краіне.

У чэрвені ў Арменіі атрымаў палітычны прытулак грамадзянін Беларусі Максім Вайткявічус. Некалькімі месяцамі раней яго затрымалі пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй на падставе вышуку паводле таго ж арт. 435 КК.

13 чэрвеня 2024 года прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. У той жа дзень амбасадар Арменіі быў выкліканы ў Ерэван для кансультацый.

У адказ Беларусь адклікала для кансультацый свайго пасла Аляксандра Канюка. Пры гэтым МЗС заявіў, што Мінск не мае намеру “пагаршаць адносіны з Ерэванам, колькі б армянскае кіраўніцтва да гэтага ні падштурхоўвалі знешнія гульцы”.

21 жніўня дэмакратычныя сілы Арменіі запатрабавалі ад уладаў краіны “неадкладна разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю да змяшчэння дыктатара Лукашэнкі з пасады”. З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваннямі іх прадстаўнікі выйшлі да беларускай амбасады. Прадстаўнікі Партыі “У імя Рэспублікі” закідалі дыпмісію яйкамі, памідорамі і бульбай.

Падзеі ля будынка амбасады Беларусі пачалі развівацца пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

У той жа дзень у беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Мінску Нарэк Тыратуран. “Армянскі дыпламат быў падрабязна праінфармаваны аб учыненым групай асоб акце вандалізму ў дачыненні да будынка амбасады Беларусі ў Ерэване, нанесеным беларускай дыпмісіі шкодзе і відавочна недастатковых мерах армянскіх праваахоўных органаў па яго прадухіленні”, — гаварылася ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

28 жніўня з’явілася інфармацыя, з якой вынікала, што амбасадар Канюк мог вярнуцца ў Ерэван. Пра яго сустрэчу з вярхоўным патрыярхам, каталікосам усіх армян Гарэгінам Другім паведаміла ў той дзень прэс-служба МЗС Беларусі. 2 кастрычніка на сустрэчы Шведа з Вардапецян у Ерэване Канюк таксама прысутнічаў.

1 верасня Арменія замарозіла свой удзел ва ўсіх органах АДКБ.

6 верасня кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустрэліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.

12 верасня Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў пагаршэнні адносін з Арменіяй віны Беларусі няма.

2 кастрычніка міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян заявіў, што Ерэван замарозіў сяброўства ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і не мае намеру вяртацца да адносін, якія існавалі да карабахскага канфлікту.

Падзяліцца: