Мінск 20:25

У Омску адкрылі два цэнтры беларускай сельгастэхнікі

Крыніца: pravo.by

3 кастрычніка, Позірк. У расійскім Омску адкрылі два мультыбрэндавыя цэнтры беларускай сельгастэхнікі, паведамляе прэс-служба ўрада Омскай вобласці.

Адзначаецца, што на базе “Агракамплект” і холдынгу “Вэлком” прадстаўлена прадукцыя Мінскага трактарнага завода, Гомельскага завода ліцця і нармалей, прадпрыемстваў “Гомсельмаш”, “УКХ Бабруйскаграмаш”, “Аграпрамсельмаш”, “Запаграмаш” і “Белама плюс”.

“З адкрыццём цэнтраў омскія аграрыі атрымаюць доступ да шырокай лінейкі тэхнікі і абсталявання беларускай вытворчасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Омская вобласць — адзіны рэгіён у краіне, дзе адкрываецца адразу два мультыбрэндавыя цэнтры беларускай тэхнікі, якія змогуць абслугоўваць і іншыя рэгіёны, — заявіў губернатар гэтага расійскага рэгіёну Віталь Хацэнка. — Упэўнены, дзякуючы стварэнню такіх цэнтраў супрацоўніцтва паміж Омскай вобласцю і рэгіёнамі Рэспублікі Беларусь выйдзе на новы ўзровень і будзе спрыяць росту ўзаемнага тавараабароту”.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын у сваю чаргу запэўніў, што беларускія вытворцы паспрабуюць насыціць цэнтры айчыннай тэхнікай.

Хацэнка сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам 25 сакавіка ў Мінску.

Сцвярджалася, што гадавы аб’ём двухбаковага гандлю Беларусі і Омскай вобласці складае не менш за 110 млн долараў. “Дастаткова невялікі паказчык, і мы павінны яго сур’ёзна падцягнуць. Рэзерваў дастаткова”, — сказаў Лукашэнка.

Падзяліцца: