Мінск 02:22

КДБ уключыў Вячорку і яшчэ пецярых беларусаў у спіс “тэрарыстаў”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

3 кастрычніка, Позірк. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і яшчэ пяцёра грамадзян Беларусі ўключаныя ў абноўлены 3 кастрычніка Камітэтам дзяржаўнай бяспекі пералік “арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

У спіс, акрамя Вячоркі, унесеныя Яна Андрэюк, Аляксей Мазука, Аляксандр Бранавіцкі, Аляксандр Баркун і Антон Шарупа.

Андрэюк, Мазука, Бранавіцкі і Баркун 27 верасня былі ўнесеныя МУС у пералік “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Андрэюк і Баркун адбываюць пакаранне за ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса. Мазука асуджаны паводле арт. 361 КК, прызнаны палітвязнем, Бранавіцкі — паводле арт. 130 КК.

Шарупа 22 жніўня прызнаны палітвязнем. Асуджаны ў ліпені гэтага года Мінскім гарадскім судом паводле арт. 130 КК.

Прыгаворы ўсім пецярым невядомыя.

Вячорка (у спісе КДБ — Вечёрко Францишак Валентинович) 20 чэрвеня завочна прыгавораны Мінскім гарадскім судом да 20 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 1,5 тыс. базавых велічынь (60 тыс. рублёў).

36-гадовага палітыка абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361, ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі). Судовая калегія Вярхоўнага суда 10 верасня пакінула прысуд без зменаў.

Падставай для ўключэння ў спіс “тэрарыстаў” КДБ палічыў вынесенае палітыку абвінаваўчае заключэнне паводле артыкулаў 130, 293 і 361 КК.

Цяпер у спісе “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці” фізічных асоб 1.170 пазіцый.

Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Падзяліцца: