Мінск 08:07

Рэжым Лукашэнкі датычны да ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей — даклад

Крыніца: даклад на сайце Freedom House

5 кастрычніка, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “перамяшчае, ідэалагічна апрацоўвае, перавыхоўвае і мілітарызуе” дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў рамках палітыкі РФ па “знішчэнні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці”, гаворыцца ў дакладзе “Украдзенае дзяцінства”.

Дакумент падрыхтавалі міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне), праваабарончы цэнтр “Вясна” і аб’яднанне былых сілавікоў BelPol (беларускія арганізацыі ў выгнанні), а таксама Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека і праваабарончы цэнтр ZMINA (Украіна).

На падставе звестак з адкрытых крыніц і здабытай BelPol інфармацыі аўтары даклада сфармулявалі шэсць ключавых высноў.

Найперш яны звярнулі увагу на тое, што Лукашэнка “асабіста заклаў аснову для перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю”.

“Падпісанае ім у 2021 годзе распараджэнне аб арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з Данбаса заклала прэцэдэнт для актыўнага ўдзелу беларускага рэжыму ў перамяшчэнні, перавыхаванні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей, — гаворыцца ў дакуменце. — Працэс узмацніўся падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Даследчыкі выявілі 2.219 дзяцей, перамешчаных у Беларусь з 2021 года. Праз тое, што саўдзельнікі і асобы скрылі месцазнаходжанне і асобы дзяцей, пакуль невядома, колькі з іх вярнулася на акупаваныя тэрыторыі Украіны”.

Беларускі рэжым, адзначылі аўтары дакладу, “актыўна рэалізуе дзяржаўную палітыку РФ па знішчэнні ўкраінскай ідэнтычнасці праз сістэматычную ідэалагічную апрацоўку дзяцей”.

“Рэжым адпраўляе ўкраінскіх дзяцей у беларускія ўстановы адукацыі, дзе мовай навучання з’яўляецца руская, а вучэбная праграма прасоўвае “рускі свет” і іншыя расійскія прапагандысцкія наратывы, — тлумачыцца ў дакуменце. — Яны ўключаюць у сябе нянавісць да іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку да ўкраінцаў. Рэжым прасоўвае працэс ідэалагічнай апрацоўкі з дапамогай г.зв. культурных праграм, у якіх палітычныя, рэлігійныя і культурныя дзеячы кажуць украінскім дзецям, што яны, насамрэч, рускія”.

Аўтары перакананыя, што рэжым Лукашэнкі датычны да мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей Расіяй. “Улады краіны прымушаюць украінскіх дзяцей наведваць праваахоўныя органы і вайсковыя часткі, а таксама сустракацца з прадстаўнікамі беларускай арміі і вайсковымі моладзевымі арганізацыямі, — заяўляецца ў дакладзе. — Навучальныя праграмы для беларускіх дзяцей падтрымліваюць рэжым і ўключаюць некаторыя вайсковыя элементы, а ў праграмах, якія рэжым выкарыстоўвае ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей, акцэнт робіцца на сціранні іх нацыянальнай ідэнтычнасці”.

Саюзная дзяржава (СД), перакананыя аўтары дакумента, адыгрывае крытычную ролю ў фінансаванні і арганізацыі гэтых працэсаў. “Дзяржсакратар СД Дзмітрый Мезенцаў, старшыня Савета міністраў СД Міхаіл Мішусцін неаднаразова згадвалі пра наданне “гуманітарнай дапамогі” дзецям з Данбаса. Гэтая “гуманітарная дапамога” на самой справе азначае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны. У 2022 і 2023 гадах Саюзная дзяржава выдзеліла на гэтую мэту больш за 300.000 долараў”, — гаворыцца ў дакладзе.

Важную ролю ў рэалзіцыі гэтай палітыкі, паводле звестак аўтараў дакумента, таксама адыгрываюць дзяржавай арганізаваныя няўрадавыя арганізацыі (GONGO), “самай вядомай з якіх з’яўляецца фонд беларускага паралімпійца Аляксея Талая, названы яго імем. “Без GONGO, іх фінансавання, сувязей і інфраструктуры беларускі рэжым не змог бы рэалізаваць палітыку перамяшчэння, ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ў такім шырокім маштабе”, — адзначана ў дакладзе.

Рэжымы ў Мінску і Маскве выкарыстоўваюць украінскіх дзяцей у прапагандысцкіх мэтах, канстатавалі аўтары дакумента. Адзначаецца, што беларускія ўлады “прымушаюць украінскіх дзяцей удзельнічаць у фотаздымках і відэазапісах, якія пасля транслююцца дзяржСМІ ў абедзвюх краінах, каб апраўдаць і легітымаваць іх перамяшчэнне, ідэалагічную апрацоўку і мілітарызацыю”. Падкрэслена, што дзяцей прымушаюць у гэтым удзельнічаць “без аглядкі на іх інтарэсы, права на асабістае жыццё або рызыку паўторнай траўматызацыі”.

Аўтары даклада выступілі са зваротам да ўладаў краін, у тым ліку Украіны, Міжнароднай кааліцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей, донарам і грамадзянскай супольнасці. Яны просяць заклікаць Міжнародны крымінальны суд “пачаць расследаванне перамяшчэння, ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей” рэжымам у Мінску і выдаць ордары на арышт Лукашэнкі, Мезенцава, Мішусціна і Талая.

Таксама яны просяць адрасатаў разам працаваць над стварэннем “адзінага міжнароднага механізму для садзейнічання вяртанню дзяцей з Беларусі ва Украіну”, а таксама “падтрымліваць і прымаць санкцыі ў дачыненні службовых асоб беларускага рэжыму і СД у адказ на злачынствы супраць украінскіх дзяцей”.

Ціханоўская абмеркавала з BelPol "планы санкцыйнага ціску" на рэжым Лукашэнкі

3 кастрычніка, Позірк. "Сумесныя планы санкцыйнага ціску на мінскі рэжым" абмеркавалі на сустрэчы ў Варшаве дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі аб'яднання былых сілавікоў BelPol. У тэлеграм-канале BelPol паведамляецца, што сустрэча прайшла ў офісе арганізацыі. Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі …

У Гаагу перададзеныя новыя звесткі аб дачыненні беларускіх уладаў да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей

24 верасня, Позірк. У Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе на мінулым тыдні перададзеныя "новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі" ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей, заявіў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" ўкраінскі праграмны дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Юрый …
Падзяліцца: