Мінск 23:20

Папа Францішак зноў заклікаў паўсюдна скасаваць смяротнае пакаранне

Ілюстрацыйнае фота: VATICAN MEDIA Divisione Foto

12 кастрычніка, Позірк. З заклікам скасаваць смяротнае пакаранне ва ўсіх краінах свету, дзе яно дагэтуль выкарыстоўваецца, у чарговы раз выступіў папа рымскі Францішак.

“Смяротнае пакаранне заўсёды непрымальнае, паколькі яно робіць замах на недатыкальнасць і годнасць асобы. <…> Мы не павінны забываць, што чалавек можа раскаяцца і змяніцца нават да самага апошняга моманту свайго жыцця”, — адзначыў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Паведамленне было апублікаванае 10 кастрычніка — у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання.

Ад пачатку свайго пантыфікату Францішак паслядоўна заклікае паўсюдна скасаваць найвышэйшую меру пакарання. У жніўні 2018 года ён ухваліў новую рэдакцыю пункта Катэхізіса, які тычыцца смяротнага пакарання.

“Доўгі час прымяненне смяротнага пакарання з боку законнай улады пасля судовага разбіральніцтва лічылася адэкватным адказам на сур’ёзнасць некаторых злачынстваў, а таксама прымальным, хаця і крайнім сродкам абароны агульнага дабра, — гаворыцца ў абноўленым дакуменце. — У нашыя дні расце ўсведамленне таго, што, нават здзейсніўшы цяжкія злачынствы, чалавек не губляе сваёй годнасці. Акрамя таго, распаўсюдзілася новае разуменне сэнсу крымінальнага пакарання з боку дзяржавы. Нарэшце, былі распрацаваныя больш эфектыўныя сістэмы ўтрымання пад вартай, якія гарантуюць належную абарону грамадзян і ў той жа час не пазбаўляюць канчаткова правапарушальніка магчымасці загладзіць сваю віну”.

Адзначаецца, што касцёл “рашуча хадайнічае” аб скасаванні смяротнага пакарання ва ўсім свеце, падкрэсліваючы, што яна непрымальная, бо “робіць замах на недатыкальнасць і годнасць чалавека”.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў расстраляна каля 400 прыгавораных да найвышэйшай меры пакарання. Вядома толькі некалькі выпадкаў памілавання.

Пытанне аб скасаванні смяротнага пакарання было вынесенае на рэферэндум у 1996 годзе. Паводле афіцыйных даных, супраць выказалася 80,4% грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

Праблему смяротнага пакарання ў Беларусі трэба ўздымаць, каб грамадства рабілася лепшым — Палуда

10 кастрычніка, Позірк. Інфармацыя пра смяротныя прыгаворы і іх выкананне застаецца закрытай, заявіў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда ў каментарыі "Позірку" з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка). У 2023 і 2024 гадах, наколькі вядома праваабаронцам, у Беларусі вынеслі …
Падзяліцца: