Мінск 17:27

Генеральны сакратар НАК Санковіч абмеркавала з прэзідэнтам МАК Бахам удзел беларусаў у міжнародных спаборніцтвах

Фота: НАК

13 кастрычніка, Позірк. Пытанні ўдзелу беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах абмеркавалі на сустрэчы ў Лазане (Швейцарыя) генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі Ксенія Санковіч і прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах.

Як паведамляе прэс-служба НАК, сустрэча прайшла ў штаб-кватэры МАК.

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі вынікі летніх Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі сёлета ў Парыжы.

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць 6–22 лютага 2026 года ў італьянскіх Мілане і Корціна-д’Ампеца. Удзел у іх беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе пакуль не пацверджаны.

У верасні адхіленне беларускіх і расійскіх атлетаў працягнулі асноўныя міжнародныя федэрацыі па зімовых відах спорту.

Міжнародны саюз канькабежцаў прыняў такое рашэнне на пасяджэнні савета арганізацыі 27–28 верасня ў Лазане. Пад эгідай гэтай федэрацыі праводзяцца спаборніцтвы па канькабежным спорце, фігурным катанні і шорт-трэку.

28 верасня стала вядома, што да выступленняў у новым сезоне не дапусцяць беларускіх біятланістаў.

Днём раней паведамлялася аб прадаўжэнні адхілення ад міжнародных стартаў беларускіх лыжнікаў, гарналыжнікаў, фрыстайлістаў і сноўбардыстаў.

Беларускія атлеты на зімовай Алімпіядзе прадстаўленыя менавіта ў пералічаных відах спорту.

Дзейнічае адхіленне таксама ў дачыненні да беларускага хакея.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзеючых кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

Шэраг міжнародных федэрацый па летніх алімпійскіх відах (але не ўсе) выканаў рэкамендацыі МАК.

З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: