Мінск 21:30

Кіраўніца федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны раскрытыкавала Баха за “абходжванне” генеральнага сакратара НАК Беларусі

Крыніца: comments.ua

14 кастрычніка, Позірк. Прэзідэнт федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Вольга Саладуха раскрытыкавала на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” сустрэчу кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха з генеральным сакратаром НАК Беларусі Ксеніяй Санковіч.

Паводле слоў Саладухі, Бах “годна” завяршае сваю кадэнцыю” на чале МАК, бо “цёпла прымае і абходжвае” генеральнага сакратара Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

“Калі раней ён хоць бы імітаваў нейкую нейтральнасць, то цяпер вырашыў не саромецца. Абдымкі з лукашэнкаўскімі спартыўнымі прапагандыстамі азначаюць, што Бах канчаткова абраў бок агрэсара і хоча яго поўнай рэабілітацыі ў свеце спорту. Вельмі крыўдна і балюча гэта бачыць”, — напісала Саладуха.

“Ледзь не штодня гінуць нашы атлеты, — адзначыла яна. — Расія пры падтрымцы Лукашэнкі разбурае нашы стадыёны, спарткомплексы, спартыўныя школы, забівае нашых дзяцей. Кіраўнік МАК пры гэтым не знаходзіць часу на салідарнасць з Украінай, але чамусьці заўсёды гатовы абняцца з нашымі ворагамі”.

Для Саладухі “відавочна”, што “такія крокі Баха з’яўляюцца кульмінацыяй яго паступовага дрэйфу ў бок прарасійскіх сіл”.

“Спадзяюся, наступны прэзідэнт МАК будзе рухацца процілеглым курсам і абараняць сапраўдныя алімпійскія прынцыпы. На жаль, Томас Бах не пакіне пра сябе добрай памяці сярод украінцаў. А ў будучыні гісторыя абавязкова дасць аб’ектыўную ацэнку яго дзейнасці”, — рэзюмавала кіраўнік лёгкаатлетычнай федэрацыі Украіны.

Бах і Санковіч сустракаліся 12 кастрычніка ў штаб-кватэры МАК у Лазане (Швейцарыя). Паведамлялася, што яны абмеркавалі “ўдзел беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах”, а таксама вынікі летніх Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі сёлета ў Парыжы.

Выбары прэзідэнта МАК пройдуць у сакавіку 2025 года. 70-гадовы Бах раней заявіў, што не будзе ў іх удзельнічаць.

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць 6–22 лютага 2026 года ў італьянскіх Мілане і Корціна-д’Ампеца. Удзел у іх беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе пакуль не пацверджаны.

У верасні адхіленне беларускіх і расійскіх атлетаў працягнулі асноўныя міжнародныя федэрацыі па зімовых відах спорту.

Міжнародны саюз канькабежцаў прыняў такое рашэнне на пасяджэнні савета арганізацыі 27–28 верасня ў Лазане. Пад эгідай гэтай федэрацыі праводзяцца спаборніцтвы па канькабежным спорце, фігурным катанні і шорт-трэку.

28 верасня стала вядома, што да выступленняў у новым сезоне не дапусцяць беларускіх біятланістаў.

Днём раней паведамлялася аб прадаўжэнні адхілення ад міжнародных стартаў беларускіх лыжнікаў, гарналыжнікаў, фрыстайлістаў і сноўбардыстаў.

Беларускія атлеты на зімовай Алімпіядзе прадстаўленыя менавіта ў пералічаных відах спорту.

Дзейнічае адхіленне таксама ў дачыненні да беларускага хакея.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзеючых кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

Шэраг міжнародных федэрацый па летніх алімпійскіх відах (але не ўсе) выканаў рэкамендацыі МАК.

З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: