Мінск 21:24

Літоўская мытня затрымала рэкордную з пачатку года партыю беларускіх кантрабандных цыгарэт

Фота: Мытная служба Літвы

16 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне рэкорднай з пачатку года партыі кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці, паведаміла 16 кастрычніка Мытная служба Літвы.

У грузавіку Mercedes Benz, дагледжаным 11 кастрычніка на адной з заправак на міжнароднай трасе Е67, супрацоўнікі Каўнаскай тэрытарыяльнай мытні выявілі 572 тыс. пачкаў цыгарэт “NZ Gold”, “Мінск”, “Queen Superslims”, “Winston” і “Camel”. Кошт кантрабанды ацэньваецца ў 2,6 млн еўра.

Адзначаецца, што грузавіком кіраваў грамадзянін Беларусі, які сцвярджаў спачатку, што перавозіць мэблю.

“Пры папярэднім аглядзе ў грузавіку было выяўлена печыва, а не мэбля. Далей высветлілася, што паддоны ўнутры паўпрычэпа таксама былі без заяўленай мэблі. Акрамя печыва, там былі скрынкі цыгарэт”, — паведамляе мытнае ведамства.

Транспартны сродак затрыманы, кіроўца арыштаваны на тры месяцы паводле рашэння Каўнаскага раённага суда.

6 верасня паведамлялася, што ў студзені — чэрвені 2024 года мытнікі Літвы спынілі кантрабанду 6,9 млн пачкаў цыгарэт на агульную суму (уключаючы абавязковыя падаткі) 9,7 млн еўра. Паводле інфармацыі мытні, па фактах незаконнага ўвозу былі пачаты 32 расследаванні. У агульным аб’ёме кантрабанды 77% прыйшлося на мяжу з Расіяй, 16% — з Беларуссю.

Праз месяц стала вядома, што з пачатку года ў Літву з Беларусі заляцела больш за 600 паветраных шароў (метэазондаў) з кантрабанднымі цыгарэтамі. Памежнікі перахапілі больш за 70 шароў (каля 11,6%).

Падзяліцца: