Мінск 01:24

Беларускі АМАП прадэманстраваў таджыкскім сілавікам магчымасці па разгоне акцый пратэсту

Фота: МУС

22 кастрычніка, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі гатова падзяліцца “перадавым вопытам па розных напрамках службовай дзейнасці”, заявіў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў на сустрэчы ў Мінску з дэлегацыяй упраўлення МУС Таджыкістана па горадзе Душанбэ.

Як паведамляе прэс-служба МУС Беларусі, Кубракоў прапанаваў азнаёміцца таджыкскім калегам з матэрыяльна-тэхнічнай базай ведамства. “Госці агледзелі спецыяльную тэхніку, узбраенне, форменнае абмундзіраванне і экіпіроўку атрада, транспартныя сродкі розных службаў сталічнай міліцыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

На апублікаваным прэс-службай МУС відэа паказана, як таджыкскай дэлегацыі дэманструюць магчымасці АМАПу па разгоне акцый пратэсту. Супрацоўнікі АМАПу інсцэніруюць затрыманні людзей, а таксама дзеянні ў адказ на напад меркавана ўдзельнікаў маніфестацый.

У паведамленні МУС адзначаецца, што “немалую цікавасць” у прадстаўнікоў Таджыкістана выклікалі “магчымасці беспілотных лятальных апаратаў”.

Таксама таджыкскім праваахоўнікам прадэманстравалі выставу прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў “з шырокім асартыментам прадукцыі”.

АМАП браў удзел у падаўленні з асаблівай жорсткасцю пратэстаў у Беларусі, а цяпер задзейнічаны ў затрыманнях па палітычных матывах. У Беларусі не распачата ніводнай крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых пратэстаў, хоць са жніўня 2020 года ў Следчы камітэт было пададзена не менш за 1.800 адпаведных заяў.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года.

Падзяліцца: