Мінск 03:21

Невядомыя падпалілі дзверы Цэнтра беларускай супольнасці і культуры ў Вільнюсе

Фота: старонка Цэнтра беларускай супольнасці і культуры ў "Фэйсбуку"

26 кастрычніка, Позірк. Невядомыя падпалілі ўваходныя дзверы будынка на вул. Вільняўс у літоўскай сталіцы, дзе месцяцца Цэнтр беларускай супольнасці і культуры, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча.

З допісу на старонцы цэнтра ў “Фэйсбуку” вынікае, што супрацоўнікі знайшлі сляды агню на дзвярах раніцай 26 кастрычніка.

Акрамя таго, на сцяне будынка пакінуты надпіс “Dink iš Lietuvos” (“Вымятайся з Літвы”), а таксама сапсаваны мурал з “дыджэямі перамен” (выява Кірыла Галанава і Улада Сакалоўскага, што ўключылі кампазіцыю “Перамен” Віктара Цоя 6 жніўня 2020 года ў Кіеўскім скве Мінска на “дзіцячым свяце”, якое ўлады зладзілі, каб не даць магчымасці сабрацца праціўнікам Аляксандра Лукашэнкі).

У ноч на 4 верасня невядомыя разбілі шкло Цэнтра беларускай супольнасці і культуры. Тады ж нехта абстраляў з пнеўматычнай зброі памяшканне, дзе праводзіць службы беларускі прыход Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільнюсе, у акне засталася адтуліна.

У ноч на 28 ліпеня на будынку беларускай крамы сувеніраў “Кропка” ў Вільнюсе невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “Вяртайцеся дадому, беларускія свінні” і разбілі акно.

Дэмакратычныя сілы Беларусі лічаць гэтыя інцыдэнты правакацыяй з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: