Мінск 18:31

У памежжы з Польшчай затрыманыя трое мужчын з беспілотнікам

Крыніца: unsplash.com

6 лістапада, Позірк. Брэсцкія памежнікі ўвечары 5 лістапада затрымалі траіх мужчын, у якіх былі выяўленыя беспілотны лятальны апарат (БПЛА) мультыротарнага тыпу і шэсць акумулятарных батарэй, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК).

Адзін з затрыманых, як сцвярджаецца, спрабаваў збегчы на аўтамабілі.

У дачыненні да затрыманых “пачаты адміністрацыйны працэс” за парушэнне памежнага рэжыму, адзначае ведамства.

ДПК звяртае ўвагу, што двое затрыманых тыдзень таму былі прыцягнутыя да адказнасці за аналагічнае правапарушэнне, іх аштрафавалі на 25 базавых велічынь кожнага (1.000 рублёў). Цяпер сума штрафу можа павялічыцца да 100 б.в. (4.000 рублёў).

У дачыненні да мужчыны, які спрабаваў збегчы, таксама складзены адміністрацыйны пратакол “за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”. Ён змешчаны ў ІЧУ Брэсцкай пагранічнай групы.

Паводле звестак памежнай службы, з пачатку года толькі лідскімі памежнікамі (Гродзенская вобласць) канфіскавана ў грамадзян 12 беспілотнікаў.

Жыхар аграгарадка Доцішкі Воранаўскага раёна (Гродзенская вобласць) затрыманы 11 кастрычніка, у яго доме выяўленыя БПЛА саматужнай вытворчасці

Папярэдні выпадак адбыўся 29 верасня таксама ў Воранаўскім раёне.

Супрацоўнікі таго ж — Лідскага — пагранатрада 11 верасня затрымалі дваіх мужчын з беспілотнымі лятальнымі апаратамі паблізу мяжы з Літвой.

Раней “Позірк” паведамляў, што ў ноч на 11 верасня на мяжы з Польшчай” з прыцягненнем АМАП “затрымалі двух жыхароў Брэсцкай вобласці, у якіх, паводле сцвярджэння Дзяржпагранкамітэта, былі канфіскаваныя самаробны БПЛА самалётнага тыпу з парашутам, прызначаныя для запуску апарата тросы, чатыры акумулятарныя батарэі, цеплавізар і “таварна-матэрыяльныя каштоўнасці”.

4 верасня незаконны беспілотнік быў знойдзены ў раёне аграгарадка Путрышкі (Гродзенскі раён).

1 красавіка ўступіў у сілу ўказ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне альбо памежнай паласе з’яўляюцца парушэннем памежнага рэжыму і цягнуць адміністрацыйную адказнасць (арт. 24.19 КаАП прадугледжвае штраф да 50 базавых адзінак — да 2.000 рублёў).

Падзяліцца: