Мінск 17:06

Лукашэнка “сардэчна” павіншаваў Трампа з перамогай на выбарах у ЗША

Архіўнае фота: Wikimedia Commons

6 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дональда Трампа з перамогай на выбарах прэзідэнта ЗША.

“Сардэчна віншую вас з вяртаннем на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі. Вынікі галасавання, якое сёлета праходзіла ў беспрэцэдэнтнай барацьбе, сталі ўвасабленнем вашага асабістага подзвігу. Вы яго здзейснілі перш за ўсё ў імя Амерыкі і яе грамадзян. Жадаю вам добрага здароўя, трапных палітычных рашэнняў, якія зробяць Амерыку зноў вялікай”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта ЗША прайшоў 5 лістапада. Паводле папярэдніх звестак, сябра Рэспубліканскай партыі Трамп набраў 279 галасоў выбаршчыкаў (для перамогі неабходна 270), яго канкурэнт ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс — 223.

Лукашэнка згадаў Трампа 6 лістапада падчас цырымоніі адкрыцця басейна ў Мінску. Амерыканскага палітыка ён назваў “заўзятым капіталістам” і “мільярдэрам”.

У офісе Святланы Ціханоўскай спадзяюцца, што пасля прыходу да ўлады Трампа палітыка ЗША па Беларусі застанецца паслядоўнай і прынцыповай, а Беларусь па-ранейшаму будзе на парадку дня. Пра гэта заявіў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

“Тэма Беларусі аб’ядноўвае розных палітыкаў у ЗША незалежна ад іх партыйнай прыналежнасці. Безумоўна, у нас ёсць кантакты і з прадстаўнікамі рэспубліканцаў, асяроддзем Дональда Трампа. Мы будзем умацоўваць і пашыраць гэтыя кантакты”, — сказаў Вячорка.

Абраны “ў рэальнай канкурэнтнай барацьбе” прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі Трамп не будзе прыхільнікам “стварэння асаблівых прэферэнцый для Лукашэнкі, які ўзурпаваў і незаконна ўтрымлівае ўладу сілай”, заявіў у каментарыі “Позірку” намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

“Раней прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі заўсёды праводзілі выразную лінію ў адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Спадзяемся, што і новая адміністрацыя працягне дадзеную палітыку”, — адзначыў ён.

Светлана Тихановская

Ціханоўская аб выбарах у ЗША: Гэта вялікая раскоша — не ведаць, хто будзе наступным прэзідэнтам

6 лістапада, Позірк. "Вельмі цікавай выбарчай гонкай" назвала дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская выбары прэзідэнта ЗША і павіншавала Дональда Трампа з перамогай.  Паводле прэс-службы дэмлідара, Ціханоўская сачыла за гонкай "нават з некаторай зайздрасцю, бо беларусы пазбаўленыя права выбару ўжо шмат …
Падзяліцца: