Мінск 07:52

Кіраўнік BySol заявіў пра мабілізацыю ўсёй службы эвакуацыі праз новую аблаву ў Беларусі

Андрэй Стрыжак
Фота: "Позірк"

15 лістапада, Позірк. Пра мабілізаыцыю ўсёй службы эвакуацыі з Беларусі з-за новага рэйду сілавікоў паведаміў у сацсетках ноччу 15 лістапада кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.

“Уся служба эвакуацыі BySol працуе поўным складам у сувязі з сённяшняй аблавай. Заявак шмат. Выводзім людзей з-пад удара”, — напісаў ён.

Гэтую інфармацыю пацвердзілі праваабаронцы. “Супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне, пад затрыманні трапілі таксама і сваякі палітвязняў”, — паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby адзначае, што “арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей на прадмет атрымання дапамогі”.

Фонд “Краіна для жыцця” ўдакладніў, што затрыманні прайшлі ў Гродненскай вобласці, Баранавічах і Мінску.

У канцы верасня Стрыжак паведаміў, што значнае ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі прывяло да росту колькасці заявак на дапамогу ў фонд BySol “на 50-80%”. Прычынамі такой сітуацыі ён назваў заканчэнне перыяду адпачынкаў у сілавікоў, напрацоўку вялікай базы па крымінальных справах, а таксама “гібрыдны новы падыход” да рэпрэсій, каб “адной рукой вызваляць нейкую колькасць палітвязняў, а другой — яшчэ больш закручваць гайкі і саджаць усё новых людзей”.

У канцы студзеня 2024 года з-за росту рэпрэсій колькасць зваротаў у BySol аб эвакуацыі з Беларусі вырасла ў тры разы. Паводле “Вясны”, падчас масавых рэйдаў 23–24 студзеня і ў наступныя дні было затрымана не менш за 229 чалавек, у тым ліку родныя палітвязняў і былыя палітвязні. Супраць мінімум 24 з іх узбуджаныя крымінальныя справы, не менш за 43 зведалі пераслед у межах адміністрацыйных працэсаў.

Частка затрыманняў была звязаная з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp (“Мне патрэбна дапамога”), які 16 студзеня быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: